МЗС Швецыі занепакоена парушэннем правоў чалавека ў Беларусі

12/03/2007

6 сакавіка Шведскае міністэрства замежных спраў абнародавала справаздачу аб правах чалавека ў свеце. Дакумент гэты рухтуецца шведскім МЗС штогод і будуецца на справаздачах больш як сотні шведскіх амбасад па ўсім свеце. З 2003 года канчатковая справаздача — адкрыты для грамадства дакумент.

Разам з шэрагам шведскіх дыпламатаў у прэзентацыі справаздачы прыняў удзел і Міністр замежных спраў Швецыі спадар Карл Більдт. Спадар міністр шчыра прызнаўся, што справаздачы пакуль не чытаў, але зрабіў такі некалькі каментараў, у тым ліку датычных Беларусі.

Напрыклад, назваў Беларусь разам з Кубай і Паўночнай Карэяй горшымі прыкладамі пераследу і прыціску сваіх грамадзян і паабяцаў, што Швецыя будзе прымаць адпаведныя захады.

— У тым, што тычыцца Беларусі, напрыклад, мы плануем значна павялічыць нашую эканамічную падтрымку. Мы будзем таксама разглядаць праблему Кубы і абмяркоўваць, што можна зрабіць у такой вельмі няпростай сітуацыі, якая склалася ў Паўночнай Карэі, — адзначыў спадар Карл Більдт.

Сярод інструментаў уплыву на недэмакратычныя дзяржавы спадар Карл Більдт прыгадаў так званыя «чорныя спісы» — спісы чыноўнікаў, якім забаронены ўезд на тэрыторыю Еўрапейскага Звязу.

— Інструмент, якім усё больш карыстаюцца ў Еўрапейскім Звязе — спісы асоб, якія на наш погляд тым альбо іншым чынам вінныя ў парушэннях грамадзянскіх правоў і свабодаў чалавека. Урад павінен ухваляць гэты спіс кожны раз, калі ён абнаўляецца, і гэта можа быць вельмі складаны працэс — вызначыць, каму трэба забараніць уезд, а каму — не, — сказаў Міністр замежных спраў Швецыі Карл Більдт на прэзентацыі справаздачы аб правах чалавека.