У 30 гарадах свету 18 і 19 сакавіка адбудуцца акцыі, прымеркаваныя да гадавіны падзей ў Менску, калі дзесяткі тысяч беларусаў у знак пратэсту супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў выйшлі на плошчу Каліноўскага. Арганізатарам акцыі выступае Моладзевая арганізацыя JEF (Jeunesse Europeene Federaliste/Маладыя Еўрапейскія Федэралісты). Удзел у мерапрыемстве пацвердзіла моладзь з Парыжу, Жэневы, Бардо, Берліна, Хемніца, Фрайбурга, Вільні, Лунда, Стакгольму, Брусэлю, Порта, Лісабона, Рыгі, Бухарэста, Любляны, Орхуса, Берна, Хельсінкі, Дубліна, Нансі, Бостана (ЗША) і іншых.
Маладыя людзі маюць намер завязаць стужкамі «роты» знакамітым помнікам у сваіх гарадах і павесіць на іх шыльдачкі «Дайце выказацца грамадзянам Беларусі». Гэта, на думку еўрапейскіх актывістаў, будзе сімвалізаваць беларусаў, якія пазбаўленыя асноўных правоў і свабодаў.
«Як і грамадзяне Беларусі, статуі будуць сімвалічна пазбаўленыя свабоды выказвання. Сваімі сумеснымі дзеяннямі па ўсёй Еўропе, нягледзячы на межы, моладзь хоча паказаць, што мы патрабуем свабоднай, дэмакратычнай і адзінай Еўропы для ўсіх еўрапейцаў. МЕФ лічыць сваім абавязкам праводзіць такую акцыю кожны год, пакуль існуе дыктатура. І пакуль грамадзяне Беларусі не атрымаюць свабоду выказвання», – сказаў прэс-цэнтру Хартыі’97 віцэ-прэзідэнт арганізацыі Оса Гунвен (Asa Gunven).
«Мы павінны дзейнічаць. На мяжы ЕЗ існуе дыктатура, дзе адсутнічаюць дэмакратыя, грамадзянскія правы або свабодная прэса. Але еўрапейцы ўсё яшчэ заплюшчваюць вочы на сітуацыю. Надышоў час моладзі ўзяць на сябе ініцыятыву і выступіць за свабодную, дэмакратычную і аб’яднаную Еўропу!», — лічыць актывіст.
Мэта акцыі не толькі падтрымаць беларускую грамадзянскую супольнасць, якая падвяргаецца рэпрэсіям, але таксама і адкрыць вочы еўрапейцам, запатрабаваць актыўных дзеянняў па дэмакратызацыі Беларусі ад еўрапейскіх палітычных лідэраў. Летась акцыя прайшла ў 23 еўрапейскіх гарадах і прыцягнула вялікую ўвагу СМІ.
«Ігнараваць сітуацыю ў Беларусі — гэта тое самае, што ігнараваць беларускі народ і такую важнейшую еўрапейскую каштоўнасць як дэмакратыя», — сказаў віцэ-прэзідэнт JEF.
Хартыя`97