Камісарка ЕЗ заклікала вызваліць усіх беларускіх палітвязняў

15/03/2007

Еўракамісарка па знешніх сувязях і палітыцы добрасуседства Беніта Ферэра-Вальднер выказала занепакоенасць з нагоды затрымання ўвечары 13 сакавіка ў Менску лідэра Партыі БНФ Вінцука Вячоркі і грамадскага актывіста Вячаслава Сіўчыка. У афіцыйнай заяве еўракамісаркі падкрэсліваецца, што В.Вячорка і В.Сіўчык і раней падвяргаліся «шматлікім арыштам за выказванне свайго палітычнага меркавання». Б.Ферэра-Вальднер заклікала беларускія ўлады неадкладна вызваліць усіх, хто «ўтрымоўваецца пад вартай па палітычных матывах».

Еўракамісарка таксама нагадала, што для пачатку ўсебаковага супрацоўніцтва ЕЗ і Беларусі ў рамках Еўрапейскай палітыкі добрасуседства «з боку Беларусі павінны быць зробленыя пэўныя крокі ў бок дэмакратызацыі і павагі правоў чалавека, у тым ліку неад’емнае права народа Беларусі на свабоду ўласнага меркавання».

В.Вячорка і В.Сіўчык 14 сакавіка былі вызваленыя з спецпрыёмніка-размеркавальніка ГУУС Менгарвыканкама на вуліцы Акрэсціна, аднак 23 сакавіка яны мусяць з’явіцца ў суд. З прычыны адсутнасці законных падстаў для затрымання палітыкаў абвінавацілі ў здзяйсненні «дробнага хуліганства» – нібыта яны нецэнзурна выказваліся ў грамадскім месцы.