Канцэрт беларускіх музыкаў у Кракаве

18/03/2007

16 сакавіка, у Дзень беларускай салідарнасці, у кракаўскім клубе «Студыё» адбыўся канцэрт вядомых беларускіх рок-музыкаў Аляксандра Памідорава, гуртаў «Крама» і «N.R.M. Канцэрт меў поспех – паслухаць беларускіх музыкаў у клуб прыйшлі некалькі сотняў чалавек.

Сваімі уражаннямі ў інтэрв’ю прэс-цэнтру Хартыі’97 падзялілася глядачка Юлія Бандарэнка:

«У канцэрце ўдзельнічалі больш за тысячу чалавек. Людзі з задавальненнем слухалі беларускіх выканаўцаў – Аляксандра Памідорава, гурты «Крама» і «N.R.M.». Беларускія музыкі адразу абвесцілі, што 16 дня кожнага месяца адзначаецца Дзень беларускай салідарнасці. Салідарнасці з беларускімі палітвязнямі, сем’ямі зьніклых палітыкаў. У адказ людзі скандавалі «Жыве Беларусь!» і падтрымлівалі музыкаў воплескамі. «Краму» і «N.R.M.» шмат разоў выклікалі на біс. Гэта была на самой справе вельмі добрая, сяброўская атмасфера. Усім вельмі спадабалася, нават тым, хто ніколі не слухаў беларускай музыкі», – распавяла Юлія Бандарэнка.