А. Севярын: Трэба забыць аб правах чалавека ў Беларусі, пакуль там ля ўлады застаецца дзейны рэжым

19/06/2007

Былы дакладчык Рады ААН у правах чалавека па Беларусі Адрыян Сэвэрын заявіў «Свабодзе», што ён ня зьдзіўлены ўчарашнім рашэньнем непрацягу мандатаў дакладчыкаў па сытуацыі Беларусі і Кубе, бо мандаты на нейкую дзейнасьць заўсёды заканчваюцца. Але ён зьдзіўлены неспрыяльнай і несяброўскай атмасфэрай, у якой прымалася гэтае рашэньне.

Былы міністар замежных спраў Румыніі і колішні старшыня Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ Адрыян Сэвэрын выконваў функцыю спэцдакладчыка ААН у справе правоў чалавека ў Беларусі тры гады. Ён падрыхтаваў на гэтай пасадзе тры справаздачы, якія, на ягоную думку, сьведчаць, што няма прыкметных і істотных зьменаў у Беларусі ў галіне правоў чалавека, і што ўлады працягваюць адмаўляцца супрацоўнічаць з гэтым органам ААН.

«І гэтыя справаздачы, мае высновы і рэкамэндацыі ніякім чынам не былі прызнаныя непраўдзівымі», — заявіў спадар Сэвэрын.

На думку спадара Сэвэрына, сапраўды кепска ў гэтым рашэньні тое, што яно прадэманстравала малыя магчымасьці Рады ў правах чалавека ААН сапраўды паспрыяць вырашэньню гэтым праблем у канкрэтных краінах, бо многія краіны, прадстаўленыя ў Радзе, маюць ўласныя праблемы з правамі чалавека.

«Для гэтых людзей правы чалавека зьяўляюцца прадметам палітычнага гандлю паміж урадамі. Яны прызнаюць толькі сувэрэнітэт краінаў, які дазваляе ўладам беспакарана ціснуць на свой народ. Яны не прызнаюць сувэрэнітэту індывідуумаў. Яны адмаўляюцца прызнаць, што паміж палітычным рэжымам і правамі чалавека існуе наўпростая сувязь… Нельга прасіць дыктатараў пагадзіцца на падзел уладаў, плюралізм і свабоду слова».

Сэвэрын прызнаў, што гэта «цудоўная навіна» для аўтарытарнага рэжыму прэзыдэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі, і цяпер ахвяры гэтага рэжыму апынуцца ў яшчэ больш безабаронным становішчы.

«Я ніколі не прасіў як спэцдакладчык зьмяніць рэжым у Беларусі. Я проста казаў людзям у Радзе ААН, што ім трэба забыць аб правах чалавека ў Беларусі, пакуль там ля ўлады застаецца дзейны рэжым».

Паводле спадара Севярына, міжнародная супольнасьць будзе працягваць дамагацца выкананьня правоў чалавека ў Беларусі, вызваленьня палітвязьняў, паляпшэньня ўмоваў у турмах, стварэньня магчымасьцяў для рэгістрацыі і дзейнасьці няўрадавых арганізацыяў.