20 ліпеня лідэру «Маладога Фронту» Зьмітру Дашкевічу спаўняецца 26 год. У свой Дзень народзінаў і ўвесь тэрмін старшыня моладзевай арганізацыі вымушаны знаходзіцца ў калёніі г.Шклова.
«Малады Фронт» заклікае ўсіх неабыякавых людзей дасылаць лісты падтрымкі, паштоўкі, віншаваньні Зьмітру Дашкевічу на яго 26-ці годзьдзе.
Нагадаем, што лідэр «Маладога Фронту», хрысьціянін Зьміцер Дашкевіч быў асуджаны на паўтары гады зьняволеньня за «дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі» паводле незаконнага арт.193.1. КК. РБ. Уплывовая міжнародная арганізацыя Amnesty International прызнала Зьмітра Дашкевіча вязьнем сумленьня. Прадстаўнікі вышэйшага кіраўніцтва Эўразьвязу й ЗША неаднаразова патрабавалі ад антыбеларускіх уладаў неадкладна вызваліць лідэра моладзевага нацыянальнага руху.
Дасылаць лісты, паштоўкі, віншаваньні можна на адрэсу: 213004, Магілёўская вобласьць г.Шклоў, ВК-17 ЗЬМІТРУ ДАШКЕВІЧУ
Акрамя гэтага «Малады Фронт» запрашае ўсіх сьвядомых кіроўцаў 19-20 ліпеня ў аўтапрабег «Свабоду Дашкевічу!» па маршруце Менск — Баранавічы — Нясьвіж — Салігорск — Магілеў — Шклоў.