У Менску прайшоў «Кубак свабоды» памяці Генадзя Карпенкі

29/07/2007

28 ліпеня прайшоў адзінаццаты па ліку «Кубак свабоды» — традыцыйны турнір у міні-футболе памяці Генадзя Карпенкі, прысьвечаны прыняцьцю Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце. У ім брала ўдзел пяць камандаў, якія прадстаўлялі дэмакратычныя сілы Беларусі і журналістаў. Сёлетні пераходны кубак праз сем гадоў зноў вярнуўся да каманды партыі БНФ.

Сёньня на футбольным полі, што ў менскім парку Чалюскінцаў у кругавым турніры сустракаліся пяць камандаў: партыі БНФ, Аб’яднанай грамадзянскай партыі, Партыі камуністаў беларускай, зборнай дэмакратычных сілаў Койданаўшчыны «45+» і каманда журналістаў.

За турнірам сачылі заўзятары з рацыямі

Чатыры апошніх гады запар у гэтым турніры перамагала каманда журналістаў. Сёньня яны таксама першымі выйшлі на поле супраць дружыны ПКБ. Старт пераможцаў мінулых гадоў быў няўдалы — журналісты прайгралі камуністам 1-0. Тэхнічны дырэктар турніру Сяргей Вазьняк распавёў пра асаблівасьці сёлетняга «Кубку свабоды»:

«Будзе кругавы турнір. Кожная каманда правядзе па чатыры гульні і па выніках будуць вызначаныя пераможца й прызёры. Таксама мы будзем вызначаць лепшых бамбардзіра, брамніка і гульца».

За матчамі назірала некалькі чалавек у цывільным з партатыўнымі радыёстанцыямі.

АГП атрымала ад БАЖ прыз за самую шчырую гульню

Ва ўсіх турнірах «Кубка свабоды», які з 2000 году носіць імя былога намесьніка старшыні Вярхоўнага Савету Генадзя Карпенкі, удзельнічала каманда Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Яна выступала й арганізатарам спаборніцтваў. Гаворыць капітан гэтай каманды і лідэр АГП Анатоль Лябедзька:

«Турнір адметны сваімі моцнымі каранямі. Калі ён праходзіць 11 год — гэта азначае, што турнір некаму патрэбны. Важная і сама дата прыняцьця Дэклярацыі аб сувэрэнітэце. І з гэтым сьвятам немажліва змагацца ніякімі дэкрэтамі і ўказамі. Яно было, ёсьць і будзе, і турнір гэта даказвае. І ён моцны імем асобы Генадзя Карпенкі. Я думаю, што мы павінны шанаваць памяць палітыкаў найноўшай гісторыі».

Сёлета Беларуская асацыяцыя журналістаў вырашыла ўручыць свой прыз «За шчырую гульню». Гаворыць віцэ-старшыня БАЖ Андрэй Бастунец:

«БАЖ вырашыў на гэтым турніры ўручыць кубак за fair play. І гэта, думаю, цалкам адпавядае дэвізу БАЖ «Трымайся праўды». І таму мы вырашылі адзначыць тую каманду, якая будзе паказваць найбольш шчырую гульню».

Самай шчырай, на думку журналістаў, на полі выглядала каманда АГП.

Капітан каманды БНФ: «Мы ў эўфарыі!»

Самі журналісты занялі другое месца. Пераможны гол у іх забіў карэспандэнт нашага радыё Віталь Цыганкоў. На трэцім месцы каманда «45+» з Койданаўшчыны. А пераможцамі турніру стала каманда партыі БНФ. Гаворыць яе капітан Сяргей Мудрачэнка:

«Выдатна, мы проста ў эўфарыі! Мы вярнулі сабе кубак упершыню пасьля 2000 году, перапыніўшы манаполію журналістаў. Для мяне гэта першы турнір у аматарскім футболе».

Праўда, каманда партыі БНФ атрымала не арыгінал кубку, а ягоны дублікат, якім узнагароджваюць пераможцаў турніру з 2003 году. Арыгінал кубку згубіўся ў не да канца высьветленых акалічнасьцях, і знайсьці яго ня могуць дагэтуль. Апошнім яго трымаў тагачасны тэхнічны дырэктар турніру Аляксандар Зялко, які сьцьвярджае, што перадаў яго ў штаб-кватэру АГП. У Аб’яднанай грамадзянскай партыі гавораць, што ў іх кубку няма.

 

Радыё Свабода