Сёньня вядомаму беларускаму палітыку Генадзю Карпенку споўнілася б 58 гадоў. А напярэдадні Міністэрства юстыцыі перарэгістравала міжнароднае грамадзкае аб’яднаньне, якое носіць ягонае імя. Гэтую арганізацыю па-ранейшаму ўзначальвае ўдава палітыка — Людміла.
Выканкам аб’яднаньня цяпер ачольвае Валер Костка, які быў памочнікам Карпенкі, калі той ўзначальваў гарвыканкам Маладэчна і зьяўляўся віцэ-сьпікерам Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня. Спадар Костка гаворыць пра самыя адметныя рысы Генадзя Карпенкі — маральнасьць, павагу да падначаленых, чуласьць, апору на прафэсіяналаў:
«Ён любіў падбіраць людзей, зыходзячы зь іх прафэсіяналізму, каб яны маглі творча дасягнуць мэтаў, якія ён перад імі ставіў. Карпенка аб’ядноўваў. Прыкладам, у гарвыканкаме Маладэчна працавалі ўсе — ад камуністаў да сябраў БНФ. І ўсе працавалі разам, на агульную мэту. І сярод іх не было спрэчак, паколькі ўсе палітычныя пытаньні выносіліся за межы выканкаму.
Ён ламаў стэрэатыпы, нашую зашоранасьць. Я не магу ўявіць Карпенку на сэлектарным аграрным паседжаньні. Гэта быў бы нейкі нонсэнс. Гэта другі тып кіраўніка, другая форма кіраўніцтва, гэта другія адносіны да чалавека, да грамадзтва, да нашай дзяржавы».
Валер Костка гаворыць, што аб’яднаньне імя Карпенкі будзе значна павялічваць сваю адукацыйную дзейнасьць. І тлумачыць, чаму бярэцца менавіта такі кірунак:
«Усе зьмены, як вядома, пачынаюцца з мазгоў. Калі людзі зашораныя, калі яны жывуць у нейкіх стэрэатыпах, калі няма магчымасьці параўноўваць, гэта прыводзіць да застою.
А цяпер мы паўтараем той застой, той стан, у якім СССР быў напачатку 1980-х гадоў. Таму задача нашай арганізацыі не ўкліньвацца ў палітычную барацьбу, якая цяпер ідзе, а данесьці да людзей як адну з альтэрнатываў таго тыпа кіраўніцтва, якім валодаў Генадзь Карпенка».
Удава Генадзя Карпенкі зь дзецьмі ўжо больш за пяць гадоў жыве ў Нямеччыне: «Усе гэтыя гады я старалася захаваць арганізацыю. І не таму, што яна названая імем Генадзя. А таму, каб працягнуць ягоныя справы, ідэі, пляны, дзеля якіх ён аддаў сваё жыцьцё.
Увесь час мяне мучыла адно пытаньне: а ці патрэбны цяпер народу Беларусі ідэі Карпенкі, ці памятаюць яго наагул? Я думаю, што памятаюць. І ў гэтым я пераканалася на сустрэчы ў Нямеччыне, калі да мяне падыходзілі людзі, што прыехалі зь Беларусі. Гэта былі ня толькі сталыя, дасьведчаныя асобы, але й многа моладзі. Ды і артыкулы Генадзя (палітычныя, эканамічныя) актуальныя і сёньня. Як быццам іх пісалі ня 8-9 гадоў таму, а ўчора».
Генадзь Карпенка памёр 6 красавіка 1999 году — вядомы апазыцыйны палітык на той час быў намесьнікам старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Ён рыхтаваўся да прэзыдэнцкіх выбараў 2001 году. Раптоўная сьмерць апазыцыянэра, якому на той час ня было й 50 гадоў, перакрэсьліла такую магчымасьць. Сябры Генадзя Карпенкі лічаць ягоную сьмерць загадкавай.
Уладзімер Глод
Радыё Свабода