Праваабаронцы перададуць пасылку міністру У.Навумаву

23/10/2007

Праваабарончы цэнтар «Вясна» атрымаў сёньня па пошце вялізнага жураўліка, якога вядомая праваабарончая арганізацыя Amnesty International накіравала міністру ўнутраных справаў Беларусі Ўладзімеру Навумаву.

Праваабаронца Валянцін Стэфановіч патлумачыў:

«У межах адмысловай кампаніі Amnesti Internjeshnl прапанавала па ўсім сьвеце рабіць папяровых жураўлікаў і дасылаць іх зьняволенаму Зьмітру Дашкевічу, а таксама службовым асобам у Беларусі.

Гэта вядомая ідэя, калі робіцца пэўная колькасьць жураўлікаў, то зьдзяйсьняецца пэўная мара. І гэтага вялікага жураўліка ўдзельнікі кампаніі хацелі даслаць міністру Навумаву, але ён адмовіўся яго прымаць. І пасылка не патрапіла праз мяжу.

Праваабаронцы даслалі яго нам. І мы будзем думаць як давесьці гэтага жураўліка і меркаваньні ўсіх людзей, якія рабілі гэтых жураўлікаў, да ведама міністэрства ўнутраных справаў. Аддадзім хутчэй за ўсё адрасату».