Сугайр Белхасен: «Мы спадзяемся, што аднойчы адбудзецца суд над вінаватымі ў знікненні лідэраў апазіцыі ў Беларусі»

01/11/2007

У дачыненні беларускай апазіцыі сёння ўжываюцца масавыя рэпрэсіі. Людзей выкрадаюць на вуліцах, збіваюць, падвяргаюць пазапраўным арыштам. Пра гэта сведчаць падзеі напярэдадні Еўрапейскага Марша. Але ў свеце нячаста гавораць пра татальнае беззаконне, якое адбываецца ў Беларусі.

Сусветная праваабарончая грамадскасць надае вялізную ўвагу парушэнням правоў чалавека ў турмах Гуантанама і Абу-Грэйб. Ці памятае свет пра вязняў сумлення ў беларускіх турмах? З гэтым пытаннем прэс-цэнтр Хартыі’97 звярнуўся да прэзідэнта Міжнароднай федэрацыі па правах чалавека Сугайр Белхасен. Сёння праваабаронца пакідае Менск. Падчас візіту ў Беларусь яна сустрэлася з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці.

— Насамрэч гэта не зусім так. Мы надаём вялікую ўвагу сітуацыі ў Беларусі. Па-першае міжнародная федэрацыя па правам чалавека рэгулярна задзейнічаюць сваю сістэму тэрміновых зваротаў з дапамогай спецыяльнай праграмы «Абсерваторыя па абароне праваабаронцаў», якая з’яўляецца сумеснай праграмай з Сусветнай арганізацыяй супраць катаванняў. Мы рассылаем рэгулярныя паведамленні аб парушэннях правоў чалавека ў Беларусі. На апошняй сесіі Камітэта па правах чалавека ААН Міжнародная арганізацыя па правах чалавека ў асобе яе віцэ-прэзідэнта Алеся Бяляцкага паднімала пытанне аб сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі. Гэтае пытанне таксама абмяркоўвалася на канферэнцыі АБСЕ па чалавечым вымярэнні ў Варшаве. Мы рэгулярна інфармуем інстытуты Еўрапейскага Звязу пра тое, што тут адбываецца.

Калі я сёння знаходжуся тут, у Менску, то толькі таму, што сітуацыя ў Беларусі з’яўляецца адной з самых рэпрэсіўных сітуацый у рэгіёне. Я хацела выказаць салідарнасць Міжнароднай федэрацыі па правах чалавека з дэмакратычным рухам супраціву, у якім удзельнічае грамадзянская супольнасць Беларусі.

Вы казалі пра Гуантанама… На жаль у Беларусі сітуацыя не адзіная дрэнная сітуацыя ў свеце. Але той факт, што мы змагаемся за закрыццё Гуантанама, зусім не выключае таго, што мы змагаемся за выконванне правоў чалавека ў Беларусі. Мы спадзяемся, што аднойчы адбудзецца суд над вінаватымі ў знікненні лідэраў апазіцыі ў Беларусі,» — заявіла прэзідэнтка Міжнароднай федэрацыі па правах чалавека Сугайр Белхассен.

Прэзідэнт МФПЧ падтрымала беларускіх палітвязьняў.

«Я пераканалася ў тым, што абвінавачаньні адносна Дашкевіча і Фінькевіча зьяўляюцца сьмешнымі», — заявіла сёньня Сугайр Бэльхасэн. Паводле праваабаронцы, усе эўрапейскія прадстаўнікі мусяць прасіць, каб іх дапусьцілі на працэс Зьмітра Дашкевіча, інакш суд пройдзе за зачыненымі дзьвярыма.

Па вяртаньні ў Францыю спадарыня Бэльхасэн мае намер стварыць міжнародны камітэт у падтрымку Андрэя Клімава. Яна прапануе ўступіць у яго вядомым дзеячам.

«Клімава зьмясьцілі ў калёнію за 328 кілямэтраў ад Менску, і гэта абуральна. Ён не падпадае пад амністыю, як і іншыя. Пачынаеш задаваць пытаньне: навошта гэтая амністыя была задуманая? З-за дрэннага абыходжаньня Клімаў атрымаў хваробу сэрца.

І мы лічым, што афіцыйныя асобы адказныя за яго псыхалягічны й фізычны стан. Чалавек напісаў, што ён баіцца заставацца жывым, бо ўбачыць яшчэ горшае пекла, — гэта сьведчыць, што ён знаходзіцца ў невыносных умовах», — лічыць Белхасэн.