Пракуратура адмовілася апратэстоўваць прысуд А.Казуліну Алег Грузьдзіловіч, Менск Пра гэта абаронцу Аляксандра Казуліна паведамілі ў лісьце з Генэральнай пракуроры Беларусі, якой кіруе Пётар Міклашэвіч.
«У нас засталася апошняя магчымасьць для пратэсту — наглядная скарга на імя старшыні Вярхоўнага Суду Валянціна Сукалы. Сёньня такая скарга будзе адасланая.
Калі і яе не задаволяць, дзяржаўныя ўстановы спыняць усялякае ліставаньне ў справе Казуліна. Тады нам застанецца толькі зьвяртацца ў міжнародныя судовыя інстанцыі», — сказаў «Свабодзе» былы адвакат кандыдата ў прэзыдэнты Ігар Рынкевіч.
Нагадаем, адвакат Зьміцер Гарачка больш як два месяцы таму падаў скаргу ў пракуратуру з просьбай апратэставаць прысуд, які летась вынес Аляксандру Казуліну Маскоўскі раённы суд — пяць з паловай гадоў зьняволеньня за хуліганства і арганізацыю вулічных беспарадкаў.
Аднак у Генэральнай пракуратуры мяркуюць, што прысуд быў законны, а Менскі гарадзкі суд таксама пацьвердзіў рашэньне раённага суду.
Алег Грузьдзіловіч
Радыё Свабода