Акцыя ў падтрымку палітвязьняў

20/12/2007

Учора ўвечары актывісты моладзевай арганізацыі «Ініцыятыва» правялі ў Мінску незвычайную акцыю — яны разгарнулі імправізаваны пікет і збіралі ў мінакоў подпісы на калядных паштоўках.

Як распавялі Рацыі удзельнікі акцыі, якая адбывалася ў старым горадзе, паштоўкі гэтыя яны маюць намер даслаць на адрасы палітычным зняволеным — Зміцеру Дашкевічу, Артуру Фінькевічу, Аляксандру Казуліну, Андрэю Клімаву і Мікалаю Аўтуховічу.

— Наш насторй святочны, абсалютна усе, хто спыняецца, ставяцца да нас вельмі прыязна, пішуць цёплыя словы, жадаюць поспехаў, — гаворыць арганізатар акцыі Андрэй Кім.

Як высветлілася, гэта ўжо ня першы такі пікет маладзёнаў з «Ініцыятывы» — на працягу снежня актывістам ужо ўдалося сабраць больш за тысячу калядных паштовак з подпісамі. Адметна, што у часе учорашняга мерапрыемства, як зрэшты і ўсіх папярэдні такіх акцыяў, нўякіх інцыдэнтаў з міліцыянтамі не было.