У Кіеве пачалася «Беларуская вясна»

23/03/2008

Учора ў Кіеве пачалася «Беларуская вясна» — фэстываль беларускае культуры ва Ўкраіне, арганізаваны актывістамі ініцыятывы «Салідарнасьць».

Стартавай акцыяй фэстывалю стаўся імправізаваны забег на лыжах па асфальце — «Кубак Лукашэнкі».

Такая акцыя адбываецца на галоўнай вуліцы ўкраінскае сталіцы ўжо другі раз. Пасьля трох адборачных забегаў і аднаго фінальнага перамагла дзяўчына з Кіева, прыз якой уручаў чалавек у масцы Аляксандра Лукашэнкі.

Акцыя прыцягнула ўвагу шматлікіх мінакоў, некаторыя з якіх таксама прынялі ўдзел у забегах.

Сёньня ўвечары ў культурна-мастацкім цэнтры Нацыянальнага ўнівэрсытэту «Кіева-Магілянская Акадэмія» адбудзецца прэм’ера кінастужкі «Беларускі супраціў». Дэманстрацыі фільмаў, выставы, канфэрэнцыі, канцэрты і другія мерапрыемствы ў межах «Беларускае вясны» будуць адбывацца ў Кіеве да сярэдзіны красавіка.