Кіраўнік місіі БДІПЧ АБСЕ правёў «сяброўскую» сустрэчу з Навумавым

11/09/2008

Міністр унутраных справаў Беларусі Уладзімір Навумаў 10 верасня сустрэўся з кіраўніком місіі БДІПЧ АБСЕ Гертам-Хінрікам Арэнсам.

Сустрэча праходзіла ў МУС і доўжылася каля гадзіны.

"Мы задаволеныя праведзенай сустрэчай. Мы абмеркавалі пытанні, якія маюць дачыненне да выбараў. Напрыклад, ролю міліцыі ў дзень выбараў, а таксама ахову выбарчых скрыняў падчас іх транспартоўкі. Мы таксама абмеркавалі пытанні праверкі подпісаў падчас рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты. Мне хацеласяў б адзначыць, што гэта была вельмі сяброўская сустрэча", — сказаў Г.-Х.Арэнс журналістам.

У.Навумаў у сваю чаргу адзначыў, што ніякіх беспрэцэдэнтных мераў бяспекі падчас галасавання прымяняцца не будзе. "Мы, вядома, прымем усе неабходныя меры, каб жыццё і здароўе нашых грамадзянаў былі ў поўнай бяспецы. Я на сустрэчы з спадаром Арэнсом прывёў такі прыклад: у гэтыя выходныя мы будзем забяспечваць ахову грамадскага парадку на мерапрыемствах, прымеркаваных да Дня горада (Менска — БелаПАН.). У наступныя выходныя мы будзем забяспечваць маштабныя ахоўныя мерапрыемствы ў Воршы пры правядзенні "Дажынак". І потым усе выходныя мы будзем забяспечваць ахову грамадскага парадку падчас выбараў. Грамадскі парадак будзе забяспечвацца незалежна ад таго, якое гэтае мерапрыемства", — заявіў У.Навумаў.

Міністр адзначыў, што супрацоўнікі для аховы назіральнікаў місіі АБСЕ адмыслова не вылучаліся. "Мы проста праінфармавалі супрацоўнікаў міліцыі на месцах, што ў іх рэгіёне працуюць назіральнікі ад міжнародных арганізацыяў, і калі ім спатрэбіцца нейкая дапамога, каб ім аказвалі садзейнічанне", — сказаў У.Навумаў.

На пытанне, ці адчувае ён сябе ў бяспецы, Г.-Х.Аренс адказаў: "Так".

Нагадаем, што міністр унутраных справаў Беларусі Ўладзімір Навумаў з’яўляецца неўяздным у краіны Еўрасаюза і ЗША. Згодна з дакладам і рэзалюцыяй Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы, Навумаў перашкаджаў правядзенню расследавання спраў аб знікненні лідэраў беларускай апазіцыі і журналіста, а таксама з’яўляецца адным з падазраваных у далучанасці да выкраданняў і забойстваў вядомых у Беларусі людзей.