"Народная воля" паспрабавала высветлiць лёс былога старшынi Савета бяспекi Вiктара Шэймана
Нагадаем, што ў лiпенi гэтага года Вiктар Шэйман быў вызвалены ад пасады старшынi Савета бяспекi. Афiцыйнай падставай для адхiлення Шэймана ад звальнення стаў выбух у Мiнску, якi адбыўся ў ноч з 3 на 4 лiпеня. Менавiта Шэйман, якi падазраецца дэмакратычнай сусветнай супольнасцю ў дачыненні да знiкненняў Юрыя Захаранкi, Вiктара Ганчара, Анатоля Красоўскага i Дзмiтрыя Завадскага, на думку Аляксандра Лукашэнкi, не забяспечыў належнага ўзроўню бяспекi ў ноч выбуху ("Не думаю, Віктар Уладзіміравіч, што вы павінны заставацца на гэтай пасадзе пасля інцыдэнту. Вы вінаваты найперш за ўсё…"). У той жа час ва ўказе аб звальненнi адзначалася, што Вiктар Уладзiмiравiч Шэйман вызвалены ад пасады "ў сувязi з пераводам на iншае месца працы".
Адразу пасля гэтага з’явiлiся версii аб магчымым працаўладкаваннi Вiктара Уладзiмiравiча. Меркавалася, што Лукашэнка не адпусцiць яго далёка ад сябе, бо Шэйман "занадта многа ведае". Нагадаем, што ўвесь час знаходжання Лукашэнкi пры ўладзе Шэймана называлi "шэрым кардыналам" у камандзе кiраўнiка дзяржавы. Пэўны час яго лiчылi ледзьве не адзiным чалавекам, якi хоць неяк можа ўплываць на рашэннi Аляксандра Лукашэнкi…
Пасля звальнення Шэймана некаторыя аналiтыкi паспяшалiся адправiць яго амбасадарам у Венесуэлу, аднак пасольства ў Каракасе ўзначалiў былы дырэктар МАЗа Валянцiн Гурыновiч. Гэта выклiкала новую хвалю чутак пра магчымае працаўладкаванне былога кiраўнiка Саўбеза. Зараз як пра здзейснены факт гаворыцца аб тым, што Вiктар Шэйман нiбыта атрымаў пасаду дарадцы кiраўнiка дзяржавы па асаблiва важных даручэннях. Аднак у Адмiнiстрацыi Аляксандра Лукашэнкi гэтую iнфармацыю не пацвярджаюць. Так, прэс-сакратар кiраўнiка дзяржавы Павел ЛЁГКІ на пытанне "Народнай волi" аб тым, цi ёсць указ аб новым прызначэннi Шэймана, адказаў коратка: "У мяне такой iнфармацыi няма".
Няма такой iнфармацыi i ў Цэнтры прававой iнфармацыi, якi рэгiструе ўсе афiцыйныя дакументы. А ў Савеце бяспекi ад каментарыяў наконт працаўладкавання свайго былога шэфа ўвогуле адмовiлiся…
Тым часам па беларускай сталiцы гуляюць чуткi аб тым, што Вiктара Шэймана часцяком бачаць у харчовай краме ў раёне Драздоў. Нашы чытачы расказваюць, што прыходзiць ён туды з асабiстым ахоўнiкам. Чакаючы, карэспандэнт "Народнай волi" марна патрацiў вечар: Вiктар Шэйман так i не з’явiўся. Але само сабой узнiкла пытанне: а як такое можа быць, што чалавек не мае пасады, але мае ахову? Каму ў Беларусi яе ўвогуле прадастаўляюць? А можа, Шэйман трымае ахову за свае грошы? Тады, скажыце, дзе і калі ён іх зарабіў? Каб мець сваю кругласутачную ахову, трэба быць дастаткова багатым чалавекам.
У законе "Аб дзяржаўнай ахове" напісана: "Дзяржаўная ахова прадастаўляецца прэзiдэнту Рэспублiкi Беларусь, прэм’ер-мiнiстру Рэспублiкi Беларусь, старшынi Палаты прадстаўнiкоў Нацыянальнага сходу Рэспублiкi Беларусь". I ўсё. Толькi тры чалавекі па законе маюць права на асабiстых бодзiгардаў. Але ўсе мы добра ведаем, што значна больш чыноўнiкаў асцерагаюцца хадзiць па горадзе адны i цягаюць за сабой ахову. На якой падставе?
Згодна з заканадаўствам "пры неабходнасцi па рашэнні прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь дзяржаўная ахова можа быць прадастаўлена i iншым службовым асобам дзяржаўных органаў Рэспублiкi Беларусь". Калi дапусціць, што Вiктар Шэйман мае дзяржаўную ахову, то ў такім выпадку загад мог аддаць толькi Аляксандр Лукашэнка. Але зноў узнікае пытанне: ад каго цi ад чаго трэба ахоўваць Вiктара Шэймана?.. На гэтае пытанне мы, на жаль, пакуль адказу не атрымалi.
P.S. Днямі Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ №551, згодна з якім у чарговы раз змяніў склад Савета бяспекі. У яго ўведзены генпракурор Рыгор Васілевіч, старшыня КДБ Вадзім Зайцаў, кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Уладзімір Макей і міністр фінансаў Андрэй Харкавец. У сваю чаргу са складу Саўбеза разам з Віктарам Шэйманам выведзены Генадзь Нявыглас, Пётр Міклашэвіч і Мікалай Корбут.
Антон Вiтальеў
Народная воля