Заява пц «Вясна» у сувязі з арыштам Аляксандра Баразенкі

28/10/2008

У панядзелак, 27 кастрычніка, ў СІЗА на Валадарскага быў зьмешчаны моладзевы актывіст Аляксандар Баразенка. Юнак — адзін з фігурантаў крымінальнай справы за мітынг прадпрымальнікаў 10 студзеня. Праваабарончы цэнтр «Вясна» у сувязі з арыштам Аляксандра Баразенкі надрукаваў наступную заяву:

27 кастрычніка 2008 г. у Менску быў узяты пад варту і змешчаны ў СІЗА грамадзкі актывіст Аляксандр Баразенка.

Аляксандр з’яўляецца адным з абвінавачаных па «справе 14-ці» — крымінальнай справе, ўзбуджанай па арт. 342 КК Рэспублікі Беларусь у дачыненьні да ўдзельнікаў мірнай акцыі пратэсту прадпрымальнікаў, якая адбылася ў Менску 10 студзеня 2008 года.

Асаблівую занепакоенасьць выклікае той факт, што арышт Аляксандра Баразенкі адбываецца на фоне пэўных саступак Еўразьвязу афіцыйным беларускім уладам: адмены санкцыяў у дачыненьні да высокапастаўленых беларускіх чыноўнікаў, аднаўленьня афіцыйных кантактаў краінаў Еўразьвязу з афіцыйным Менскам і інш.

Варта нагадаць, што адной з асноўнай ўмовай для такога дыялогу было і ёсьць адсутнасьць палітычных зьняволеных у краіне і палітычна-матываванага перасьледу апанентаў рэжыму.

Праваабарончы цэнтр «Вясна» нагадвае, што свабода мірных сходаў і свабода выражэньня свайго меркаваньня з’яўляецца правам, гарантаваным Канстытуцый Рэспублікі Беларусь, а таксама міжнароднымі нормамі ў галіне правоў чалавека.

Праваабарончы цэнтр «Вясна» выказвае рашучы пратэст у сувязі з арыштам Аляксандра Баразенкі, лічыць яго пераслед палітычна-матываваным і патрабуе ад уладаў ягонага неадкладнага вызваленьня.

 

Нагадаем, што гэтая справа атрымала неафіцыйную назву «Працэс чатырнаццаці». Аднак на лаве падсудных аказалася толькі трынаццаць чалавек. Студэнт унівэрсытэту Ўроцлава Аляксандар Баразенка прыняў рашэньне застацца ў Польшчы і не прыяжджаць на працэс. Фігуранты той справы атрымалі розныя тэрміны абмежаваньня волі без накіраваньня адбываць пакараньня, а таксама штрафы. Андрэй Кім атрымаў паўтара году калёніі.

Большасьць зь іх жыве сёньня фактычна ва ўмовах хатняга арышту. Некаторыя, як Тацяна Цішкевіч, Аляксей Бондар, Арцём Дубскі, прынялі рашэньне зьехаць з краіны.

27 кастрычніка Аляксандар Баразенка добраахвотна разам з сваім адвакатам Паўлам Сапелкам зьявіліся да сьледчага Міхалькевіча. Там хлопцу і была прадстаўлена пастанова аб арышце, якая была выпісана яшчэ ў траўні.

«У СІЗА Баразенка правядзе час да суду, калі, канечне, ня будзе заменена мера стрыманьня. Хадайніцтва ў пракуратуру накірую бліжэйшымі днямі», — кажа П.Сапелка.

Пакуль цяжка меркаваць, калі дакладна адбудзецца суд. Вядома толькі што ён адбудзецца ў судзе Цэнтральнага раёну Менску.

Нагадаем, што 23 красавіка былі асуджаныя 10 чалавек у крымінальнай справе, распачатай за ўдзел у акцыі прадпрымальнікаў. Некалькі чалавек, якія былі пакараныя згодна з часткай1 артыкула 342 Крымінальнага Кодэксу РБ (арганізацыя і актыўны ўдзел у групавых дзеяньнях, што груба парушаюць грамадскі парадак) абмежаваньнем волі, адбываюць пакараньне па месцы жыхарства.