18 мая беларускі «Свабодны тэатр» сыграў у горадзе Нансі спектаклі «Пакаленне Джынс» і «Спасцігаючы каханне».
Паказ прайшоў у межах Фестывалю тэатраў Усходняй Еўропы. Спектакль «Пакаленне Джынс» прысвечаны тэме барацьбы беларусаў за свабоду, а «Спасцігаючы каханне» — рэальная гісторыя аб выкрадзеным і забітым у Беларусі бізнэсмэне і грамадскім дзеячы Анатолі Красоўскім і ягонай жонцы Ірыне Красоўскай, якая на працягу 10 год дамагаецца праўды аб знікненні мужа.
Напярэдадні спектакля, 17 мая, Анатолю Красоўскаму павінна было споўніцца 57 год, таму і «Пакаленне Джынс», і «Спасцігаючы каханне» былі прысвечаныя гэтаму чалавеку.
Як паведаміў прэс-цэнтру Хартыі’97 Мікалай Халезін, публіка ў зале была ўзрушаная рэальнымі гісторыямі з жыцця беларусаў. Паказ спектакляў працягнуўся абмеркаваннем з гледачамі сітуацыі ў Беларусі.
Хартыя`97