Палітвязьня Аўтуховіча вяртаюць у СІЗА, нягледзячы на жахлівы стан здароўя

20/05/2009

На 35 дзень галадоўкі Мікалая Аўтуховіча выпісваюць з турэмнага шпіталя.

Пра гэта «Радыё Свабода» паведаміў лекар-тэрапэўт шпіталя падчас традыцыйнага выхаду да сваякоў хворых вязьняў, які адбываецца там штосераду.

«Мы ўвогуле ў непаразуменьні, чаго яго да нас прыслалі? Прывезьлі ўчора, сёньня адправім зноў у ізалятар, бо лячыцца ён не жадае. Кажа, што адчувае сябе нармальна, ні на што ня скардзіцца», — заявіў лекар.

Нагадаем, арыштаваны ваўкавыскі прадпрымальнік Мікалай Аўтуховіч галадуе з 16 красавіка — ужо 34 дні. Вязень пратэстуе супроць крымінальнага перасьледу і таго, што ягоная справа фактычна не вядзецца. Мікалай Аўтуховіч патрабуе альбо накіраваць справу ў суд, альбо вызваліць яго пад падпіску аб нявыезьдзе. Таксама палітвязень патрабуе вызваліць Юрыя Лявонава і Ўладзімера Асіпенку, якія праходзяць па адной зь ім справе.

Нядаўна стала вядома, што следства па справе ваўкавыскіх прадпрымальнікаў падоўжылі да 3 чэрвеня. За чатыры месяцы сваякам палітвязняў дагэтуль не дазволілі ніводнага спаткання.

Праваабаронцы лічаць затрыманых палітычнымі зняволенымі, звяртаючы ўвагу на тое, што М.Аўтуховіч і Ю.Лявонаў раней ужо былі асуджаныя і прызнаныя вязьнямі сумлення.

Учора Мікалая Аўтуховіча перавялі з Менскага СІЗА №1, дзе ён утрымліваўся дагэтуль, у Рэспубліканскі шпіталь Дэпартамента выканання пакаранняў МУС

Паводле адваката палітвязьня Паўла Сапелкі, «Мікалай Аўтуховіч моцна схуднеў і выглядае вельмі слабым».

«Падчас маёй сустрэчы з Мікалаем Аўтуховічам яму паведамілі пра тое, што ён пераводзіцца ў Рэспубліканскі шпіталь Дэпартамента выканання пакаранняў МУС. Гэта азначае, што стан яго здароўя пагоршыўся да той ступені, якая робіць немагчымым яго ўтрыманне ў следчым ізалятары, нават ва ўмовах санчасткі, — заявіў Павал Сапелка 19 траўня.