Швэды заклікаюць сур’ёзна расьсьледаваць справу Ганчара

21/09/2009

Швэдзкая праваабарончая арганізацыя Östgruppen зрабіла 16 верасьня заяву ў сувязі з 10-годзьдзем зьнікненьня ў Беларусі апанэнтаў рэжыму Лукашэнкі.

“Сёньня, роўна дзесяць гадоў таму, былі выкрадзены і забіты ў беларускай сталіцы Віктар Ганчар і Анатоль Красоўскі. Афіцыйна вінаватых у злачынстве дагэтуль не знайшлі, але незалежныя дасьледаваньні паказваюць: вельмі верагодна, што адказнасьць кладзецца на людзей у атачэньні прэзыдэнта Лукашэнкі”, гаворыцца ў заяве.

Сьвет павінен памятаць ахвяраў жудасных злачынстваў і патрабуе сур’ёзнага крымінальнага расьсьледаваньня, каб вінаватыя былі прыцягнутыя да адказнасьці, заявіў старшыня Östgruppen Марцін Угла.

Паводле Östgruppen, “гаворка ідзе пра палітычныя забойствы, у якіх падазраeцца дзеючы рэжым. А таму, пакуль сур’ёзнае і аб’ектыўнае крымінальнае расьсьледаваньне не праведзена, пытаньне ня можа быць зьнята з парадку дня”.

Радыё Свабода