Студэнтка з Нямеччыны: Беларускі АМАП звярэе на акцыях салідарнасці

27/10/2009

Беларуска Інга Абрамава навучаецца ў Нямеччыне, але прыехала ў Менск на акцыю 16 кастрычніка. Дзяўчына даслала сайту www.charter97.org свае ўспаміны пра тое, што ёй давялося перажыць падчас арышту.

Сведчанні студэнткі як нельга дарэчы, бо днямі намеснік міністра МУС Беларусі Яўген Полудзень заявіў, што менскі АМАП навучыўся разганяць несанкцыянаваныя акцыі падчас стажыроўкі ў Нямеччыне. Падаем ліст Інгі Абрамавай:

«16 кастрычніка, Менск. На Кастрычніцкай плошчы праходзіць мірная акцыя. Дзень салідарнасці з палітвязнямі і сем’ямі зніклых без вестак грамадзян Рэспублікі Беларусь. Паўтары гады я не брала ўдзел у акцыях і мітынгах у роднай краіне, шмат чытала пра збліжэнне з Еўразвязам. Прыехаўшы на вакацыі ў Беларусь, вырашыла паўдзельнічаць у акцыі.

Досвед удзелу ў такіх мірных мерапрыемствах у Беларусі ў мяне і маіх сяброў быў заўжды сумны. А вось правядзенне такіх мірных акцый салідарнасці ў Нямеччыне не звязаны са страхам быць арыштаваным ці збітым. Там усё проста, трэба толькі патэлефанаваць у міліцыю, прыйсці ў прызначаны час, патлумачыць мэту акцыі і месца яе правядзення (я выбрала цэнтр горада, каля гарадской ратушы). Уважліва выслухаўшы мяне, мне выдалі дазвол. Для правядзення наступных акцый, мне нават не давялося нікуды ісці, я патэлефанавала ў паліцыю і пачула: «А, фраў Абрамава! Мы Вас памятаем, мы дашлем Вам дазвол па факсе». Вось так усё проста, цывілізавана, ніякага экстрыму.

І вось я ў Менску на Кастрычніцкай плошчы. Усё пачынаецца а 18 гадзіне. Халодна, на гадзінніку без чвэрці пяць, я заходжу ў кавярню, з вокнаў якой бачна ўсё, што адбываецца на плошчы. Са здзіўленнем заўважаю, што я не адна прыйшла так рана. Некалькі «парачак» міліцыянтаў гуляюць уздоўж плошчы, недалёка стаіць машына ДАІ, на паркоўку каля кавярні пад’язджаюць некалькі мікрааўтобусаў з моцна таніраваным шклом. А праз некаторы час і на саму плошчу ўязджаюць некалькі аўтобусаў. Без чвэрці шэсць я выходжу з майго «пункту назірання». Бачу шмат людзей з камерамі, шмат мужчын у цывільным, якія размаўляюць па рацыі, таксама шмат міліцыянтаў. Адчуваю сябе няўтульна, я зусім адна. Шукаю знаёмыя твары, падыходжу да групы маладых людзей і чую: «Далучайся!» Усё, я не адна.

А 18 мы становімся ў шарэнгі, я хачу дастаць свой бел-чырвона-белы сцяг, які пазычыла напярэдадні ў сябра. Але мне ў рукі даюць партрэт палітвязня. Стаім. Міліцыя па гучнагаварыцелю прапаноўвае нам неадкладна разыйсціся, заяўляючы, што мы нібы парушаем закон — стандартныя фразы. У адказ мы становімся ў «ланцуг», бярэм адно аднаго пад рукі. Але ўлада дзейнічае імгненна: са спіны да нас пад’язджае аўтобус, чую грукат ног, і нечыя моцныя рукі вырываюць мяне з ланцугу і цягнуць да аўтобуса.

Я спрабую супраціўляцца, але я адна, а іх трое, і маёй сілы відавочна не дастаткова. За ўпартасць мяне некалькі разоў б’юць па нагах. Прыцягнуўшы мяне да аўтобуса, «мужныя» байцы АМАПу кідаюць мяне наперад, я падаю на прыступкі аўтобуса, моцна стукаючыся каленямі. Мне «дапамагаюць» — падкідваюць яшчэ раз ужо вышэй, і я «прызямляюся» на падлогу. Усе здарылася вельмі хутка, не прайшло і дзвюх хвілін, як мы ўсталі ў «ланцуг» — і вось усё скончана.

Прыйшоўшы ў сябе, я падымаюся з падлогі і саджуся на сядзенне аўтобуса. Падумалася: «Эх, неахвота на суткі ісці, там халодна і брудна, але «С’ est la vie» (Такое жыццё)». Аўтобус загрузілі і мы паехалі. Па Менску я звычайна рухаюся на метро, а тут «пракацілі» бясплатна з агляднай экскурсіяй па горадзе. З дзяўчынай, якая сядзела побач, узгадваем, што гэта быў не аўтазак, дзе прастора абмежавана, адсутнічае асвятленне, і з вокнаў горад не пабачыш. Малады чалавек у цывільным, які суправаджаў нас у гэтай паездцы, з гонарам выхваляецца, што ён нядаўна скончыў міліцэйскую навучальную ўстанову і ведае, як з такімі, як мы, сябе паводзіць. Затым цікавіцца ў мяне: «А ты дзе навучаешся?» «Нідзе», — адказваю я. «Ужо нідзе!» — разрагатаўся супрацоўнік.

Пад’ехалі да будынка Цэнтральнага РУУС, «выгрузіліся». Усіх заводзяць у калідор, прымушаюць стаць тварам да сцяны з паднятымі за галаву рукамі. Тэлефанаваць, размаўляць — забаронена. Пры мне «новаспечаны» амапавец збівае аднаго хлапца, прымушае яго паставіць ногі вельмі шырока, ледзь не на шпагат. Мабыць, яму не церпіцца выкарыстаць атрыманыя веды на практыцы.

Па адным заводзяць у кабінет. Там, як у школьным класе: парты, дошка. Затрыманых рассаджваюць. Мяне пасадзілі за першую парту. Асабістыя рэчы і тэлефоны забіраюць. Перапісваюць дадзеныя і зноў выводзяць у калідор. «Тварам да сцяны, рукі за галаву, не размаўляць!» Канвеер. Нам усё яшчэ не тлумачаць, за што мы затрыманыя. У многіх ужо ўзялі адбіткі пальцаў, не даўшы пасля гэтага нават памыць рукі. Чаму так? Вядома ў іх сіла, улада, яны ўсё вырашаюць.

Анатоля Лябедзьку валакуць па калідоры ў накірунку «бамжатніка». Паша ідзе за ім, спрабуе яго абараніць. Яго не пускаюць, тады ён крычыць: «Рабяты!» Мы бяжым да яго, але і нас запіхваюць назад. Аднаго хлапца б’юць, моцна б’юць. Адводзяць яшчэ аднаго хлапца, зноў не кажуць куды. І тады мы садзімся на падлогу, не ўсе, а толькі тры дзяўчыны і два хлапцы. Мы не будзем стаяць тварам да сцяны з паднятымі рукамі, мы пратэстуем, мы не з’яўляемся ўзброенымі тэрарыстамі, мы не небяспечныя. Чаму нас затрымалі такім грубым чынам без тлумачэння прычын? Мы не абавязаныя стаяць, мы будзем сядзець.

Міліцыянт крычыць на нас, прымушае падняцца, а затым кажа: «Ну, усё, дзяўчынкі, дадому вы ўжо сёння не вернецеся». Мы сядзім. Прайшло каля гадзіны, сядзець на падлозе вельмі халодна, але ўнізе нічым не смярдзіць, а калі стаіш, то адчуваеш агідны пах. Чаму?

Супрацоўнікам РУУС надакучыла наша сядзенне, да нас падыходзіць злы дзядзька і б’е ўсіх па нагах. Балюча, халодна, мы ўстаем. Прайшло каля 3-4 гадзін ад моманту нашага затрымання. Нас адпускаюць, нам вяртаюць рэчы, пашпарты. Адпускаюць усіх — 22 чалавекі.

На развітанне, міліцыянт з сумнымі вачыма, якія нічога не выказваюць, кажа мне: «На Кастрычніцкай плошчы збірацца НЕЛЬГА!» Я збянтэжана цікаўлюся: «А на Якуба Коласа можна?» «Таксама нельга». «А дзе ж можна?» «Наогул збірацца нельга, НІДЗЕ!»

На вуліцы нас сустракаюць, я ўзгадваю пра свой сцяг, які дагэтуль ляжыць у маёй кішэні, і дастаю яго. Не паспела там, дык хоць тут. Усё скончылася. Усе разыйшліся, зноў адна, як і спачатку. На вечар быў запланаваны ад’езд у Полацак на прысягу, але мой цягнік ужо ад’язджае. Вырашыла ехаць у Берасце. З’явілася стомленасць, боль у нагах, спіне.

Мне дагэтуль не зразумелы сэнс разгону мірнай акцыі. Людзі проста стаяць з партрэтамі, нічога не выкрыкваюць, ні да чога не заклікаюць, не замінаюць праезду транспарта, не смецяць. Чаму ўлада так баіцца іх, і на менш за паўсотні мірных грамадзян нацкоўвае больш за сотню лютых амапаўцаў, якія машуць дручкамі? Навошта? Бо жывем мы ў самім цэнтры Еўропы, у цывілізаванай краіне з «усталяванай дэмакратыяй»!