Асіпенку абвінавацілі ў падрыхтоўцы тэракту разам з Аўтуховічам

25/11/2009

Былому вайскоўцу Уладзімеру Асіпенку з Ваўкавыску выставілі абвінавачаньне ў падрыхтоўцы тэрарыстычнага акту супроць старшыні Гарадзенскага аблвыканкаму Ўладзімера Саўчанкі і намесьніка міністра падаткаў і збораў Васіля Камянко.

Пра выстаўленьне абвінавачаньня Ўладзімеру Асіпенку паведаміў праваабаронца Алег Воўчак, спаслаўшыся на свае крыніцы. Прэсавы сакратар МУС Сьвятлана Бароўская тэрмінова камэнтаваць гэтую навіну адмовілася, папрасіўшы пісьмовага запыту. Раней супрацоўніца паведамляла, што “справа Аўтуховіча хутка будзе завершаная”. Нагадаю, Уладзімер Асіпенка праходзіць па адной справе зь Мікалаем Аўтуховічам.

Нагадаем, жыхары Ваўкавыску Мікалай Аўтуховіч, Уладзімер Асіпенка і Юры Лявонаў былі арыштаваныя 8 лютага паводле абвінавачаньня ў наўмысным пашкоджаньні маёмасьці. У жніўні гэтае абвінавачаньне зьнялі з прадпрымальніка Юрыя Лявонава і вызвалілі яго з-пад варты. Тады ж зьявіліся зьвесткі, што Мікалаю Аўтуховічу і Ўладзімеру Асіпенку рыхтуюць новае абвінавачаньне — у падрыхтоўцы тэракту супроць высокапастаўленых чыноўнікаў Саўчанка і Камянко.

Юры Лявонаў гэтак пракамэнтаваў зьвесткі пра выстаўленьне абвінавачаньня ў падрыхтоўцы тэракту Ўладзімеру Асіпенку:

“Паводле маіх зьвестак, нейкіх падстаў для выстаўленьня такога абвінавачаньня проста не існуе. У тым ліку што да маіх успамінаў пра падзеі 2005 году, якія фігуруюць у справе. І зараз я адбыў паўгода за кратамі разам зь імі ў сьледчым ізалятары, і мне выказвалі такія ж прэтэнзіі, як Асіпенку і Аўтуховічу. Адносна мяне нічога не пацьвердзілася, гэта было трызьненьне, мне 4 месяцы ўбівалі ў голаў, што я нібыта ў гэтай жа групоўцы і ледзь не за галоўнага там. Таму я і кажу, што ня веру. Калі і іх абвінавацілі на тых жа падставах, якія я чуў, то гэта цалкам беспадстаўна”.

Юры Лявонаў мяркуе, што толькі адкрыты працэс здыме пытаньне пра фабрыкацыю справы супроць Аўтуховіча і Асіпенкі, але асабіста ён ня верыць, што ўлады пойдуць на такі працэс.

Паводле Алега Воўчака, у справе Аўтуховіча таксама фігуруюць жыхар Ваўкавыску Аляксандар Ларын і былы маёр міліцыі з Гародні Міхаіл Казлоў. Праваабаронца не выключае, што ім таксама бліжэйшым часам выставяць падобнае абвінавачаньне.