На Кастрычніцкай плошчы ў Менску адбылася акцыя, прымеркаваная да Міжнароднага дня правоў чалавека.
Шасьцёра хлопцаў выйшлі на плошчу з плякатамі «Мы — ня быдла, у нас ёсьць правы!», а таксама «Правы грамадзян выконваюцца там, дзе за іх змагаюцца».
На месцы пікету было каля чатырох дзясяткаў спэцназаўцаў у цывільным. Таксама прысутнічала амаль усё міліцэйскае кіраўніцтва гораду і таксама прадстаўнікі міністэрства ўнутраных спраў. Міліцыя папярэджвала ўдзельнікаў, што пікет не дазволены і не прапускала тых, хто хацеў далучыцца да акцыі.
Калі ў канцы пікету ўдзельнікі акцыі паставілі плякаты каля тумбы на плошчы, міліцыя іх канфіскавала. Затрыманьняў не было.
Тым часам лідэр руху «Маладая Беларусь» Артур Фінькевіч паведаміў «Свабодзе», што яшчэ ў 16 гадзінаў убачыў, як за ім пачалі сачыць людзі ў цывільным. Хлопец зайшоў у «Макдоналдс».
Літаральна празь некалькі хвілінаў туды зайшлі спэцназаўцы ў цывільным. Праз гадзіну ў рэстарацыю прыехала й здымачная група БТ. Яны прапанавалі Фінькевічу даць інтэрвію, той адмовіўся. Пасьля гэтага тэлевізійнікі зьехалі.
Па 18-й гадзіне, пасьля пачатку акцыі на Кастрычніцкай плошчы, сышлі і людзі ў цывільным.
Любоў Лунёва
Радыё Свабода