Адвакат: Такі, як Аўтуховіч, небясьпечней для ўлады чым дзеcяць палітыкаў-дэмагогаў

17/04/2010

У Вярхоўным судзе Беларусі на працэсе над Мікалаем Аўтуховічам ды іншымі абвінавачанымі ў падрыхтоўцы тэракту другі дзень ідуць судовыя спрэчкі. 16 красавіка ўзяў слова адвакат Мікалая Аўтуховіча Павал Сапелка.

Адвакат Павал Сапелка прасіў суд дазволіць яму выступіць апошнім, паколькі ягоны падабаронны Мікалай Аўтуховіч быў дапытаны пасьля ўсіх абвінавачаных, але суд вырашыў інакш: Сапелка выступаў першым з адвакатаў.

Павал Сапелка адразу назваў гэту справу "вельмі рэзананснай". Паводле адваката вынік сьледзтва быў прадвызначаны тым, што праваахоўныя органы змагаюцца не з карупцыяй, а з тымі, хто ёй супроцьстаіць.

"Нялішнім будзе паразважаць, а чаму мэтай стаў менавіта Аўтуховіч? На маю думку, таму, што такі бізнэсмэн уладам Беларусі непатрэбны. Нармальны бізнэсмэн мусіць быць напужаным, злодзеем, абыякавым, якога ненавідзяць людзі. Аўтуховіч да вобразу местачковага алігарха не падышоў. Ён незалежны, чысты перад законам, неабыякавы да бедаў і патрэбаў гараджан, а таксама валявы і рашучы ў адстойваньні сваіх правоў. Ён мог бы знайсьці паразуменьне з уладай, але не стаў гэтага рабіць. Мог бы прагульваць свае прыбыткі, а замест гэтага займаўся дабрачыннасьцю ды дапамогай тым, хто меў у гэтым патрэбу. Але вядома, што тых, каго у нас любіць народ, ня вельмі любіць улада. Зьняволеньне ў калёніі напярэдадні гэтага арышту не зламала яго. А такі чалавек больш небясьпечны за дзесятак палітыкаў-дэмагогаў, псэўда-лідэраў псэўда-структураў".

Паводле Паўла Сапелкі справу супроць Мікалая Аўтуховіча сфальшавалі ад пачатку да канца. Адвакат эпізод за эпізодам прааналізаваў абвінавачаньне Мікалаю Аўтуховічу і тыя доказы ягонай віны, якія прадставіла сьледзтва. Большасьць зь іх Павал Сапелка назваў альбо неістотнымі, альбо сфабрыкаванымі, альбо здабытымі з парушэньнем закону, як, прыкладам, абрэз вінтоўкі ТОЗ-16, з якой нібыта рыхтаваўся замах на высокапастаўленых асобаў на замову Аўтуховіча.

"Абрэз, гэта як раз той рэчавы доказ, які здабыты з яўным парушэньнем закону. Бо няма ніводнага закону, які б дазволіў сьледзтву адправіць чалавека знайсьці абрэз, перахаваць, а потым, сабраўшы дэкарацыі у выглядзе сьведак, яго нібыта знайсьці. Гэта ж тычыцца ня толькі абрэзу, а і толавай шашкі, дэтанатару, які таксама нібыта знайшлі разам зь ім. Ня можа быць доказам тое, што здабыта праз парушэньне закону. Спадзяюся, суду таксама зразумелыя наступствы гэтага ".

Павал Сапелка лічыць, што ўвогуле не існавала ніякай змовы паміж Аўтуховічам і Ларыным адносна замаху на старшыню гарадзенскага аблвыканкаму. Большасьць паказаньняў Ларына адвакат Аўтуховіча назваў наўмысным паклёпам, зробленым на загад сьледзтва.

Павал Сапелка нагадаў, што Атуховіч у часе падрыхтоўкі нібыта замаху на Саўчанку быў пад арыштам і ня меў рэальных магчымасьцяў кіраваць дзеяньнямі Ларына з-за картаў. Да арышту, паводле Сапелкі, Аўтуховіч замах на Саўчанку таксама ня мог плянаваць. Першае, бо не чакаў арышту, другое – бо гвалтоўныя дзеяньні супроць Уладзімера Саўчанкі толькі б пашкодзілі Аўтуховічу, які да таго зьвяртаўся па дапамогу да "губэрнатара".

Што да сачэньня за намесьнікам міністра падаткаў і збораў Васілём Каменкам, якое прызнае Аўтуховіч, адвакат выказаўся гэтак: "Закон не забараняе людзям зьбіраць інфармацыю пра іншых людзей, калі гэта не суправаджаецца парушэньнем закону".

Нагадаю, Аўтуховіч неаднаразова заяўляў у судзе пра датычнасьць Каменкі да карупцыі і пра тое, што ён сабраў дастаткова доказаў, каб "Каменка апынуўся там, дзе цяпер сядзіць ён". Васіль Каменка ў судзе абверг абвінавачаньні Аўтуховіча ў злоўжываньнях.

Пісьменьнік Васіль Якавенка, які сёньня назіраў за працэсам, падзяліўся сваімі ўражаньнямі.

"Гэта канфлікт дзяржаўных чыноўнікаў з людзьмі сумленнымі, якімі пры іншых абставінах народ мог бы ганарыцца. Ня толькі паслухаўшы адваката, але і з прачытанага раней па гэтай справе мяркую, што гэта чыстая падтасоўка".

У працэсе абвешчаны перапынак да панядзелка, 19 красавіка. Адвакат Павал Сапелка працягне выступаць у спрэчках.

Нагадаем, учора, 16 красавіка пракурор Эльдар Сафараў папрасіў суд пакараць Мікалая Аўтуховіча 20 гадамі зьняволеньня, Уладзімера Асіпенку і Аляксандра Ларына – 11 гадамі, а Міхаіла Казлова – 3 гадамі зьняволеньня.