Дзень салідарнасьці — без ланцуга салідарнасьці неабыякавых людзей

17/04/2010

16 красавіка — Дзень салідарнасьці зь сем’ямі зьніклых і палітвязьнямі. Больш за пяць гадоў 16-га чысла кожнага месяца на Кастрычніцкую плошчу Менску прыходзяць актывісты палітычных партый і неабыякавыя людзі з партрэтамі зьніклых і зьняволеных палітыкаў.

Актывістаў «Маладога фронту» Насту Палажанку, Міколу Дземідзенку, Насту Лойку, Уладзімера Яроменку, Зьмітра Яскевіча, а таксама фотакарэспандэнта Ўладзімера Грыдзіна спэцназаўцы міліцыі затрымалі яшчэ за дзьве гадзіны да пачатку акцыі. За некалькі хвілінаў да пачатку затрымалі аднаго зь лідэраў «Эўрапейскай Беларусі» Максіма Вінярскага. Іншых верагодных удзельнікаў таксама спынялі на падыходах да плошчы, пра што паведаміла адна з удзельніц акцыі салідарнасьці Вера Ціцянкова:

«Я ішла на плошчу, як і кожны месяц сюды хаджу, і бачыла, як пераапранутыя супрацоўнікі АМАПу вялі ў мэтро нашага хлопца. Я думаю, што і з іншымі людзьмі, хто зьбіраўся сюды прыйсьці, яны зрабілі тое ж самае».

Некалькі дзесяткаў чалавек рознага веку ўсё ж дайшлі да Кастрычніцкай плошчы і апынуліся пад пільным наглядам таксама некалькіх дзясяткаў сілавікоў, пераапранутых у цывільнае. Але іх пазнавалі нават людзі, якія апынуліся тут паводле асабістых спраў. Адзін зь іх, Аляксандар, сказаў Свабодзе:

«Я пабачыў шмат людзей з рацыямі і падумаў, што Лукашэнка прыедзе на „Тэлевяршыню“, што тут адбываецца. Але пасьля ўзгадаў, што сёньня 16 чысло і што сёньня акцыя. Гэта добра, што яна адбываецца, бо нам трэба памятаць пра ўсё, што здарылася».

Людзі, што прыйшлі на акцыю, абмяркоўвалі магчымы прысуд Мікалаю Аўтуховічу, а таксама выказвалі сваё стаўленьне да сэнсу Дня салідарнасьці:

«Я Мая Аляксандраўна Сташэўская. Прыходжу сюды таму, што мой бацька быў расстраляны ў 1937 годзе. Гэта мой боль і мая трывога, таму я не магу сюды не ісьці. Я чакаю штомесяц 16 чысла і іду сюды са спадзяваньнем, што гэтак мы робім крок насустрач свабодзе».