Сяргей Кавалёў, расейскі праваабаронца, колішні кіраўнік камісіі Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы ў справе зніклых у Беларусі. 16 верасня 1999 года ў Беларусі зніклі палітык Віктар Ганчар і яго сябар, бізнэсовец Анатоль Красоўскі. Пазней з’явіліся сведчанні, што да гэтага, ды шэрагу іншых знікненняў датычныя беларускія ўлады.
У гадавіну знікнення Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага Сяргей Кавалёў быў госцем «Радыё Свабода».
— Ці ёсць нейкія падставы упэўнена казаць, што Аляксандр Лукашэнка замовіў знішчэнне палітычных апанентаў?
— Я буду трымацца юрыдычнай чысціні. Гэтая юрыдычная чысціня ёсць вось у чым. Я з поўнай падставай падазраю, я падкрэсліваю гэтае слова, што гэта не ёсць маё катэгарычнае сцвярджэнне, але гэта ёсць вельмі сур’ёзнае падазрэнне ў тым, што Лукашэнка наўпрост мае дачыненне да гэтых знікненняў і, хутчэй за ўсё, забойстваў. Трупы ж не знойдзеныя, як я разумею. Калі вы спытаецеся пра маё асабістае меркаванне, я думаю, што так, слова забойца да месца. Пры гэтым я хачу падкрэсліць наступнае. Што значыць забойца? Барані Божа! Я не думаю, што Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка страляў сваіх ахвяраў. Я дапускаю нават, што ён не быў нават наўпроставым замоўцам. Калі размова ідзе пра высокі ўзровень дзяржаўнай улады, слова «забойца» можа не азначаць цалкам наўпроставае дачыненне да забойства. Палітык стварае не толькі атмасферу ў краіне, ён стварае, калі хочаце, механізмы ўладнага самавольства. І ў гэтым сэнсе цалкам абгрунтавана цэлы шэраг расейскіх цароў называліся забойцамі, ды ці мала хто яшчэ з палітыкаў. Я б ніколькі не быў супраць, каб Лукашэнка падаў на мяне ў суд за паклёп, і я паўдзельнічаў у гэтым працэсе. Але мусіць быць вытрыманая прававая дакладнасць сцвярджэння. Маё сцвярджэнне заключаецца ў наступным. Беларуская ўлада заведама датычная да знікненняў і найбольш верагодных забойстваў Ганчара і Красоўскага. Я аналізам гэтага пытання займаўся. Я ведаю шмат падставаў для такіх, на жаль, недаказаных падазрэнняў.
— Ва Украіне пасля змены ўлады так і не даказалі датычнасці былога прэзідэнта Леаніда Кучмы да забойства журналіста Георгія Гангадзэ. Чаму, на вашую думку, у Беларусі пасля змены ўлады можна было б давесці вінаватасць цяперашняга кіраўніка дзяржавы?
— У незалежным судзе, пры дробнаўважным ды неабмежаваным расследаванні, несумненна, так. Несумненна, так! Я сыходжу з наступных простых рэчаў. Асабіста спадар Лукашэнка распарадзіўся пра вызваленне Паўлючэнкі з-пад арышту. А той жа быў абвінавачаны ў тых знікненнях гэтых двух апазіцыянераў. Больш за тое. Я асабіста размаўляў з Алегам Алкаевым. Гэта былы начальнік першага следчага ізалятару ў Менску, той турмы, дзе выконваліся смяротныя прысуды. Алкаеў даў вельмі важныя паказанні. Ён растлумачыў, што незадоўга да выкраданняў гэтых людзей, у яго на запыт міністра, а можа некага з яго намеснікаў, я дакладна не памятаю, быў узяты на час так званы расстрэльны пісталет. Пісталет, якім выносяцца смяротныя прысуды, мала прыдатны для іншых мэтаў з прычыны сваіх канструктыўных асаблівасцяў. Больш за тое, вядома, што гэты самы Паўлючэнка быў накіраваны Міністэрствам унутраных справаў у першы следчы ізалятар для таго, каб прысутнічаць пры выкананні смяротнага прысуду і ўвайсці ва ўсе працэдуры, звязаныя з гэтай жорсткай катаўскай практыкай.
Быў запыт да МУС, навошта спатрэбіўся гэты пісталет. Адказ быў больш чым няпэўны. Насамрэч гэтая таямніца выкарыстання пісталета выклікае неразуменне. З такім неразуменнем я і звярнуўся да Алега Алкаева, які разумна збег з Беларусі, разумеючы, што ён будзе крайнім у гэтым расследаванні, калі яно раптоўна адбудзецца. Я запытаўся ў Алкаева: «Скажыце калі ласка, калі трэба забіць чалавека, навошта патрэбны менавіта гэты пісталет? Бо ёсць колькі заўгодна незарэгістраванай зброі, якая ходзіць па руках на постсавецкай прасторы. Бо няма праблемы забіць чалавека». Спадар Алкаеў быў абсалютна, па-мойму, лагічны і паслядоўны ў сваім адказе. Ён сказаў: «Калі нехта забіты з іншага пісталета, ён — забойца. А вось калі нехта забіты з адмысловага расстрэльнага пісталета, ён выканаўца прысуду. Так, прысуду, не вынесенага судом. Прысуду сакрэтнага, тайнага. Ён не забойца, але кат». Як мяркуе спадар Алкаеў, гэта і ёсць прычына, з якой патрэбны быў менавіта гэты пісталет, за які ён, Алкаеў, нёс адказнасць. Пры дапамозе якога выконваліся смяротныя прысуды ў Беларусі. Трэба сказаць, што вядомыя яшчэ паказанні генерала Лапаціка, намесніка міністра і начальніка так званай крымінальнай выведкі ў МУС. Гэта адкрытыя паказанні, у якіх Лапацік выказвае цалкам пэўную версію выкраданняў і забойстваў Ганчара і Красоўскага. Менавіта Лукашэнка запатрабаваў вызвалення меркаванага выканаўцы гэтых смяротных караў — спадара Паўлючэнкі з-пад арышту. Які быў арыштаваны ў сувязі якраз з гэтымі падазрэннямі. Вось гэта тыя матэрыялы, якія я здолеў сабраць, калі я быў у парламенцкай асамблеі Рады Еўропы, калі я часова выконваў абавязкі старшыні камісіі па расследаванні гэтых злачынстваў у Беларусі. А пасля спадар Пургурыдзіс бліскуча выканаў нашую агульную місію і напісаў цалкам змястоўную справаздачу пра гэтыя злачынствы.
— Ці лічыце вы, што ў расейскіх спецслужбаў могуць быць нейкія дагэтуль не абнародаваныя доказы датычнасці беларускай ўлады да знікнення палітычных апанентаў?
— Гэта сфера чыстых здагадак, але яны не могуць не мець важных дадзеных, звязаных з гэтымі падзеямі. Расейскія спецслужбы проста не могуць не мець дастаткова важных дадзеных на гэтую тэму. Інакш яны не патрэбныя. Навошта такія спецслужбы, якія нічога не ведаюць?
— Фільмы «Хросны бацька» з абвінавачваннямі на адрас Аляксандра Лукашэнкі на тэлеканале НТВ у асноўным выкарыстоўвалі матэрыялы, ужо даўно агучаныя недзяржаўнымі медыямі ў Беларусі і некаторымі расейскімі СМІ. Чым вы лічыце цяперашнія інфармацыйныя напады на Лукашэнку — шантажом, спробай атрымаць ад яго нейкія саступкі, ці спробай расейскіх ўладаў замяніць Лукашэнку на нейкага свайго новага стаўленіка?
— Я думаю, што Крэмль вельмі хацеў бы змяніць беларускага лідэра, замяніўшы яго на больш згаворлівага. Я думаю, што вядзецца нармальная палітычная інтрыга. Яна ніколі не бывае добрасумленнай і чыстай. Гэтая інтрыга з двух бакоў. Крэмль нечага хоча ад Лукашэнкі, і Лукашэнка нечага хоча ад Крамля. І той, і другі не абмежаваныя маральнымі рамкамі. Гэта насамрэч уласцівасць «рэальнай палітыкі», і гэтыя ўласцівасці розныя ў розных краінах. «Рэальная палітыка» ў адных краінах больш, у іншых менш адмежаваная рамкамі права. А ёсць краіны, накшталт цяперашняй Расеі ці Беларусі, дзе яна фактычна ніяк не адмежаваная. Месца права ў нашых краінах займае ўладнае самадурства.
— Частка беларускай апазіцыі вітае інфармацыйныя атакі расейскіх медыяў на Лукашэнку і заклікае імі карыстацца. Сярод іншых ёсць засцярогі, што гэта спосаб прымусіць Лукашэнку да продажу беларускіх прадпрыемстваў ці паставіць ў Беларусі новую марыянетку — таму маўляў, трэба трымацца далей ад Расеі. Якая пазіцыя вам падаецца больш абгрунтаванай?
— Я думаю, што няма пытання, ад каго трымацца далей, а да каго — бліжэй. Гэта няслушны выбар, няслушная пастаноўка пытання. Мне ўяўляецца, што трэба трымацца найбліжэй да прынцыпаў права і надалей ад прынцыпаў палітычных інтрыгаў. Будзе гэта супадаць з палітычнай пазіцыяй Расеі ці не? Хутчэй за ўсё — не. Бо расейская ўлада таксама не вельмі схільная да права. А беларусам які да гэтага клопат? Няхай яны трымаюцца права, а зусім не палітычных меркаванняў: бліжэй да Расеі — далей ад Расеі. Мяне гэта вельмі засмучае, таму што Захад зусім небездакорны ў адносінах да права. Гэта вельмі сумная і шматзначная нават ў глабальных маштабах акалічнасць. Захад гатовы дараваць Лукашэнку падазрэнні ў забойствах і многіх іншых гвалтоўных дзеяннях у адносінах да свайго народу. Забойства — гэта толькі вяршаліна таго, што адбывалася ў Беларусі апошнім часам. Таму Лукашэнка зноў уязны, Лукашэнка зноў не парыя, зь якім нельга размаўляць. І гэта, з майго пункту гледжання, вельмі сумна.
— Ці здаецца вам, што Захад гатовы ўжо заплюшчыць вочы на справы зніклых у Беларусі?
— Захад вельмі прагматычны, беспрынцыпны ў сваёй палітыцы. Захад, так бы мовіць, пад уладай ідэі паступовага і маральна небездакорнага прагрэсу ў палітыцы, апроч таго, ён пад уладай так званай паліткарэктнасці.
Радыё Свабода