«Экспэрты АБСЭ маюць трыццацігадовы досьвед»

25/10/2010

У Менск прыбылі экспэрты АБСЭ са Швэцыі і Нарвэгіі, якія бяруцца дасьледаваць матэрыялы праверкі сьмерці журналіста Алега Бябеніна. Прозьвішчы экспэртаў ня будуць называцца, у тым ліку і пасьля заканчэньня іх місіі ў Беларусі.

У прэсавай службе генпракуратуры Беларусі сказалі, што экспэрты "прыяжджаюць да вечара, а ў пракуратуры іх чакаюць заўтра, 26-га кастрычніка".

У другой палове дня прэс-служба офісу АБСЭ ў Вене паведаміла, што экспэрты, якіх накіроўваюць на просьбу беларускіх уладаў, ужо ў Менску. Іх місія пачнецца 26 кастрычніка.

Хто яны, экспэрты, якім даручана праверыць матэрыялы аб сьмерці Алега Бябеніна, сабраныя беларускімі сьледчымі?

Падрабязнасьці "Свабодзе" паведаміў супрацоўнік прэс-службы АБСЭ Франэ Мароевіч. Маё першае пытаньне да спадара Мароевіча тычылася імёнаў экспэртаў. Але інфармацыі атрымаць не ўдалося.

"Прабачце, але не магу назваць імёнаў з прычыны канфідэнцыйнасьці. На такіх умовах яны працуюць з АБСЭ. Таму немагчыма назваць імёнаў".

Таксама і пасьля заканчэньня місіі экспэртаў іх імёны прэсе не паведамяць, сказаў Франэ Мароевіч. Ён запэўніў, што экспэрты — вельмі дасьведчаныя ў сваіх галінах людзі.

"Яны маюць каля 30 гадоў досьведу ў сваіх галінах. Адзін адмыслоўца ў крыміналістычнай навуцы і мэдыцыне, другі — у расьсьледаваньнях і таксама ў крыміналістыцы. Яны са Швэцыі і Нарвэгіі, дзе маюць вялікі досьвед такой працы і такіх экспэртызаў", — сказаў спадар Мароевіч , пры гэтым не ўдакладніўшы, які экспэрт са Швэцыі, а які — з Нарвэгіі. Паводле Франэ Мароевіча, экспэртам, пра якіх ідзе гаворка, раней даводзілася выконваць падобныя місіі ў іншых краінах сьвету.

Раней у Генэральнай пракуратуры Беларусі не выключалі, што экспэрты АБСЭ выкажуцца за эксгумацыю цела загінулага журналіста Алега Бябеніна. “Ці магчыма такое?” — спытаў я ў Франэ Мароевіча. Супрацоўнік прэсавай службы АБСЭ ў Вене спадар Мароевіч адказаў наступнае.

"Усё, што тычыцца пэўных дзеяньняў, залежыць ад таго, якая інфармацыя спатрэбіцца экспэртам. Але я мушу падкрэсьліць, што гэта ня новае расьсьледаваньне. Нашы дзеяньні заснаваныя на запрашэньні беларускіх уладаў азнаёміцца з матэрыяламі праверкі сьмерці журналіста."

Паводле Франэ Мароевіча, "пакуль першая місія экспэртаў разьлічаная на тыдзень працы, а потым будзе бачна".

Кіраўнік прэсавай службы Генэральнай пракуратуры Пётар Кісялёў таксама кажа, што праца экспэртаў па часе не лімітаваная.

"Пра нейкі ліміт ня ведаю. Неяк гучала, што "колькі ім спатрэбіцца".

Пётар Кісялёў сказаў, што брыфінгу для журналістаў па выніках працы экспэртаў не запланавана. Паводле інфармацыі з АБСЭ, па выніках працы экспэртаў пазьней зьявіцца адкрытая справаздача ад імя АБСЭ, зь якой можна будзе азнаёміцца.

Заснавальнік сайту "Хартыя-97" Алег Бябенін быў знойдзены ў пятлі на сваім лецішчы 3 верасьня. Людзі, якія бачылі цела Бябеніна, кажуць пра падазроны вывіх нагі, драпіны і плямы на руках і целе нябожчыка. Аднак у заключэньні афіцыйнай экспэртызы сказана, што сьлядоў зьнешняга ўзьдзеяньня не было.