Генэрал ФСБ Вячаслаў Ушакоў мог быць датычным да зьнікненьня беларускіх апазыцыянэраў

21/11/2010

Такую сэнсацыю паведаміла малдоўскае выданьне Jurnal de Chisinau.

Журналіст Петру Багату ў артыкуле “Варонін узнагароджвае забойцу Паліткоўскай” апісвае забойствы і замахі на забойствы ў Малдове, у Абхазіі, ў Расеі і ў Беларусі, да якіх, паводле журналіста, меў ці мог мець дачыненьне генэрал расейскіх спэцслужбаў Вячаслаў Ушакоў. Пра вынікі сваіх дасьледаваньняў спадар Багату распавёў у інтэрвію нашаму радыё.

Багату: Мяне гэты генэрал зацікавіў у сувязі з тым, што займаючы другасную пасаду ў разьведнай структуры ФСБ, атрымаў вышэйшую ўзнагароду Малдовы. Зразумела, калі прэзыдэнт узнагароджвае сваіх шпіёнаў, як гэта нядаўна зрабіў Мядзьведзеў. Але іншая справа – узнагароджаньне замежных генэралаў ад шпіянажу.

Былы прэзыдэнт Варонін заявіў, што гэта дзяржаўная таямніца. Мы здолелі знайсьці цікавыя зьвесткі пра генэрала Ўшакова. З 2002 году ён узначальвае ўпраўленьне каардынацыі апэратыўнай інфармацыі ФСБ (паводле сайту ФСБ з 2003 году – намесьнік дырэктара ФСБ). Па матэрыялах заходняга і расейскага друку гэтая структура займаецца ворагамі пуцінскага рэжыму на постсавецкай прасторы.

Ён шмат дзе насьлядзіў у былых савецкіх рэспубліках.У Абхазіі ён разам з групай іншых супрацоўнікаў ФСБ спрабаваў ліквідаваць цяперашняга прэзыдэнта Сяргея Багапша і замяніць яго на былога афіцэра КГБ СССР Хаджымбу. У Малдове, паводле матэрыялах друку, ён кіраваў апэрацыяй "Дзьвіна", якая ставіла на мэце ліквідацыю прэзыдэнта самаабвешчанай Прыднястроўскай рэспублікі Ігара Сьмірнова ў 2002 годзе. Тады Тыраспаль адмаўляўся падпісваць плян урэгуляваньня Козака. Пра гэта пісала і "Новая газэта", пра гэта пішуць у сваёй новай кнізе "Новае расейскае дваранства" пра расейскія спэцслужбы расейскія журналісты Салдатаў і Бараган. Па матэрыялах друку Ўшакоў курыраваў такога кшталту спэцыфічныя апэрацыі ў многіх былых савецкіх рэспубліках, у тым ліку займаўся і Беларусьсю як раз у тыя гады, калі і беларускі апазыцыйны друк, і заходні, і расейскі пісалі пра так званыя "эскадроны сьмерці", якія дзейнічалі ў Беларусі і якія забілі шэраг вядомых палітычных і грамадзкіх дзеячоў.

Фактаў, каб пачаць супраць яго крымінальны перасьлед, няма. Але ёсьць шмат пытаньняў. Скажам, падпалкоўнік Рагузаў, які быў падначаленым Ушакова і праходзіў у справе Ганы Паліткоўскай. Ён абвінавачваўся ў тым, што ўласнаручна расстраляў яе. Потым яго вызвалілі.