Экспэрты АБСЭ прыйшлі да высновы, што журналіст «Хартыі-97» Алег Бябенін скончыў жыцьцё самагубствам праз павешаньне. Што думаюць пра гэтыя высновы ў Беларусі?
Паводле паведамленьня АБСЭ, экспэрты з Нарвэгіі і Швэцыі, якія на замову АБСЭ знаёміліся ў Менску з матэрыяламі праверкі абставінаў сьмерці беларускага журналіста, прыйшлі да высноваў, які супадаюць з афіцыйнай вэрсіяй пра самагубства Алега Бябеніна. Цытата з прэс-рэлізу АБСЭ: «На думку экспэртаў, вынікі ўскрыцьця і доказы, сабраныя на месцы здарэньня, выразна сьведчаць, што прычынай сьмерці было самагубства праз павешаньне».
Былы сьледчы пракуратуры, праваабаронца Алег Воўчак мяркуе, што ва ўмовах, у якіх апынуліся экспэрты АБСЭ, яны не маглі зрабіць іншых высноваў, акрамя тых, якія супадаюць з афіцыйнай вэрсіяй пра самагубства. «На месцы экспэртаў я б адмовіўся працаваць з такімі абмежаванымі паўнамоцтвамі, якія не дазваляюць праводзіць асабістага расьсьледаваньня. Яны мусілі ўлічыць і тое, што ў гэтай краіне шмат загадкавых сьмерцяў апазыцыянэраў, што тут дагэтуль не расьсьледаваныя зьнікненьні палітычных праціўнікаў кіроўнага рэжыму», — кажа Алег Воўчак і выказваецца за абавязковае завядзеньне крымінальнай справы аб сьмерці Алега Бябеніна:
«З аглядам месца здарэньня шмат пытаньняў. Адносна цялесных пашкоджаньняў тое самае: адны іх бачылі, іншыя ня бачылі. Сумненьняў шмат, а калі яны ёсьць, то відавочна, што генэральны пракурор Васілевіч мусіў заводзіць па гэтым здарэньні крымінальную справу і ў яе межах правяраць усе абставіны».
Прэсавы сакратар Рэспубліканскай пракуратуры Пётар Кісялёў на просьбу пракамэнтаваць высновы экспэртаў АБСЭ нагадаў, што праверка абставінаў сьмерці Алега Бябеніна заканчваецца 3-га сьнежня, а «да таго часу ніякіх камэнтароў быць ня можа».
Цела журналіста «Хартыі-97» Алега Бябеніна было знойдзена 3 верасьня ў пятлі на ягоным лецішчы пад Менскам. Шмат хто зь сяброў і калегаў журналіста ня вераць у ягонае самагубства. У пракуратуры вэрсію пра самагубства разглядаюць у якасьці асноўнай.
Алег Грузьдзіловіч
Радыё Свабода