У дзень Салідарнасці ў Варшаве разбурылі сімвалічны мур беларускіх турмаў

16/02/2011

16 лютага, у Дзень салідарнасці з ахвярамі рэжыму, у сталіцы Польшчы прайшла акцыя ў падтрымку вязняў “Справы 19 снежня”.

Арганізатарам акцыі была "Еўрапейская Беларусь", далучыліся да прадстаўнікоў грамадзянскай кампаніі і простыя беларусы, якія зараз знаходзяцца ў Варшаве. Удзельнікі акцыі раздавалі мінакам улёткі аб сітуацыі ў Беларусі, а таксама гучна, у мегафон паведамлялі пра тое, што Беларусь просіць аб падтрымцы. Маўляў, у свой час Польшчу падтрымаў у яе барацьбе ўвесь свет, і зараз сітуацыя вельмі падобная…

Неабыякавыя падыходзілі бліжэй, задавалі пытанні, пакідалі словы спачування і салідарнасці на "сцяне", якую спецыяльна паставілі на ледзяным ветры ўдзельнікі акцыі.

У выніку гэты мур, што сімвалізаваў сцены камераў, у якіх трымаюць беларускіх палітвязняў, быў разбураны. Пасля ўдзельнікі акцыі пад бела-чырвона-белымі сцягамі рушылі па цэнтры Варшавы.