Алеся Міхалевіча выпусьцілі пад падпіску аб нявыезьдзе

20/02/2011

Экс-кандыдат у прэзыдэнты Алесь Міхалевіч увечары 19 лютага быў адпушчаны зь СІЗА КДБ пад падпіску аб нявыезьдзе.

Як паведаміў Алесь Міхалевіч "Свабодзе", яго вывезлі ў цэнтар гораду і там высадзілі. Пасьля гэтага ён адразу накіраваўся дадому:

"Я два месяцы ня бачыў родных, таму вельмі рады абняць жонку і дзяцей".

Ад камэнтароў пра крымінальную справу і абставіны вызваленьня Алесь Міхалевіч адмовіўся, адзначыўшы:

"Я знаходжуся ў такой жа сытуацыі, як і ўсе астатнія абвінавачаныя па справе 19 сьнежня".

Паводле зьвестак праваабарончага цэнтру "Вясна", па крымінальнай справе аб масавых непарадках у Менску 19 сьнежня 2010 году праходзяць 42 абвінавачаныя і 12 падазраваных.

З 42 абвінавачаных 32 утрымліваюцца пад вартай, 2 – пад хатнім арыштам, 8 – пад падпіскай аб нявыезьдзе. З 12 падазраваных 1 знаходзіцца пад вартай, 9 – пад падпіскай аб нявыезьдзе, двое знаходзяцца за межамі краіны.

Сярод абвінавачаных 5 экс-кандыдатаў у прэзыдэнты: Андрэй Саньнікаў, Мікола Статкевіч (знаходзяцца ў СІЗА КДБ), Уладзімер Някляеў (пад хатнім арыштам), Віталь Рымашэўскі і Алесь Міхалевіч (адпушчаныя пад падпіску аб нявыезьдзе).

Сярод падазраваных два экс-кандыдаты ў прэзыдэнты Рыгор Кастусёў і Дзьмітры Вус, зь якіх ўзялі падпіску аб нявыезьдзе.

17 лютага адзін з абвінавачаных па справе 19 сьнежня Васіль Парфянкоў судом Фрунзэнскага раёну Менску прызнаны вінаватым у злачынстве, прадугледжаным часткай 2 артыкулу 293 Крымінальнага кодэксу (удзел у масавых непарадках) і прыгавораны да чатырох гадоў пазбаўленьня волі з адбываньнем пакараньня ў калёніі строгага рэжыму.