Тэрмін расследавання справы аб «беспарадках» падоўжаны да пяці месяцаў

21/02/2011

Тэрмін расследавання крымінальнай справы па частках 1 і 2 артыкула 293 Крымінальнага кодэкса (масавыя беспарадкі) падоўжаны пракуратурай Мінска да пяці месяцаў, паведамілі ў праваахоўных органах, паведамляе БелаПАН.

Нагадаем, расследаваннем справы аб падзеях у сталіцы 19 снежня, у дзень прэзыдэнцкіх выбараў займаецца папярэдняе расследаванне ГУУС Мінгарвыканкама.

Як заявіў суразмоўца агенцтва, працяг расследавання на такі значны тэрмін не азначае,

што столькі ж абвінавачваныя, якія цяпер утрымліваюцца ў СІЗА КДБ, будуць знаходзіцца пад вартай.

Матэрыялы ў дачыненні да фігурантаў крымінальнай справы па меры завяршэння расследавання будуць паступова накіроўвацца ў суды.

Абвінавачанымі па крымінальнай справе аб масавых беспарадках з’яўляюцца 42 чалавекі.

Большасць з іх знаходзіцца пад вартай. У прыватнасці, у СІЗА КДБ ўтрымліваюцца экс-кандыдаты ў прэзідэнты Андрэй Саннікаў і Мікалай Статкевіч.

1 студзеня пад падпіску аб нявыездзе быў адпушчаны Віталь Рымашэўскі, 29 студзеня пераведзены пад хатні арышт Уладзімір Някляеў. 19 лютага пад падпіску аб нявыездзе быў адпушчаны Аляксей Міхалевіч. Яшчэ два былыя кандыдаты ў прэзідэнты, Рыгор Кастусёў і Дзмітрый Ус, з’яўляюцца падазраванымі па крымінальнай справе.