Учора ў сталіцы Чэхіі адбылася акцыя, арганізаваная экс-кандыдатам у прэзыдэнты Алесем Міхалевічам з мэтай прыцягнуць увагу да палітычных зьняволеных у Беларусі.
На Старамесцкай плошчы ў Празе сабраліся некалькі дзясяткаў актывістаў беларускай дыяспары, якія трымалі лёзунгі і партрэты палітычных зьняволеных. У інтэрвію Радыё Свабода Алесь Міхалевіч паведаміў, што мэта акцыі – зьвярнуць увагу жыхароў чэскай сталіцы, а таксама замежных турыстаў на праблему палітычных зьняволеных у Беларусі. Удзельнікі акцыі раздавалі мінакам улёткі і адмысловы выпуск газэты.
Камэнтуючы сёньняшняе выказваньне Аляксандра Лукашэнкі пра тое, што ў Беларусі, як ён выказаўся, сядзяць толькі тры чалавекі – Саньнікаў, Вус і Статкевіч, – Алесь Міхалевіч заявіў, што ён лічыць патрэбным дамагацца вызваленьня ўсіх асуджаных па справе 19 сьнежня. Міхалевіч таксама сказаў, што працягвае займацца тэмай прыцягненьня да юрыдычнай адказнасьці з дапамогай міжнародных прававых мэханізмаў асобаў, вінаватых у катаваньнях у беларускіх турмах. «Думаю, што інфармацыю пра гэта вы атрымаеце ў найбліжэйшыя тыдні», – сказаў Міхалевіч. Экс-кандыдат у прэзыдэнты паведаміў, што мае намер наведаць некаторыя эўрапейскія сталіцы, каб зацікавіць прадстаўнікоў палітычнай эліты становішчам правоў чалавека ў Беларусі.
Аліна Таранік
Радыё Свабода