У агульнаэўрапейскі Дзень памяці ахвяраў сталінізму і нацызму ва ўрошчы Курапаты прайшла памінальная акцыя. Малебен служыў праваслаўны сьвятар Аляксандар.
Тым часам навукоўцы Польшчы, Расеі, Беларусі працягваюць вывучаць лёсы ахвяр. У тым ліку шукаюць адказу на пытаньне, чаму Сталін і Берыя пайшлі на такі бесчалавечны крок. Гаворыць смаленскі гісторык Сяргей Аляксандраў:
"На мой погляд, прычына была адна. Паколькі яны ваеннапалонныя, а вайны няма, то іх трэба распусьціць па хатах. Але асноўная частка гэтых афіцэраў была ўраджэнцамі тых раёнаў, якія адышлі да Савецкага Саюзу, з Заходняй Беларусі і Ўкраіны… Гэта значыць, што яны атрымалі б савецкія пашпарты… А што, гэтыя людзі савецкую ўладу любяць, якая іх зьнішчала, раззбройвала?".
Менскі гісторык Ігар Кузьняцоў, вывучаючы польскія пахавальныя кнігі, выявіў, што з 4421 расстралянага ў Катыні 1560 чалавек былі ўраджэнцамі Беларусі.
"Там і беларусы, і габрэі, і ўкраінцы, але тыя, якія нарадзіліся на беларускай зямлі. Гэты сьпіс яшчэ можа павялічвацца, я так мяркую, што каля 40—50 працэнтаў, а можа і больш, будзе ў гэтым сьпісе ўраджэнцаў Усходніх крэсаў, Заходняй Беларусі. Таму, калі гавораць пра польскую трагедыю, то я кажу, што гэта аднолькавая трагедыя і беларускага, і польскага народаў".
Ігар Кузьняцоў заклікае суайчыньнікаў ушаноўваць памяць усіх ахвяр Катыні, але не забываць і сваіх землякоў. Апрача Катыні, у 1940 годзе палонных афіцэраў Войска Польскага забівалі ў чатырох турмах у БССР. Мінімальны лік гэтых ахвяр — 3870 чалавек. Але рэальна "беларускі сьпіс" ахвяраў можа быць большым. Украіна апублікавала аналягічны сьпіс яшчэ ў 90-я гады. Аляксандар Лукашэнка ў лістападзе мінулага году абяцаў польскім журналістам асабіста заняцца гэтай праблемай, аднак да гэтага часу КДБ Беларусі не выдае дакумэнтаў.
У Беларусі, у адрозьненьне ад Расеі, увогуле на дзяржаўным узроўні не ўшаноўваюць памяць ахвяраў рэпрэсіяў.
Ігар Кузьняцоў: "У Беларусі мы прапаноўвалі 29 кастрычніка, калі ў 1937 годзе быў расстраляны цьвет беларускай інтэлігенцыі, абвясьціць днём памяці ахвяраў рэпрэсій. Мы атрымалі на свой зварот ва ўрад адказ за подпісам старшыні КДБ, які напісаў, што ў Беларусі ёсьць Радуніца і Дзяды, вось тады і ўшаноўвайце. Большага цынізму ў адказах мы не назіралі".
Памінальную службу ў Катыні правёў кіроўны япіскап БАПЦ уладыка Сьвятаслаў. Брат ягонага дзеда, фальклярыст Язэп Логін, таксама загінуў ад сталінскіх рэпрэсіяў, і магілу яго знайсьці не ўдалося:
"Тут ляжаць ахвяры сталінскага рэжыму. Такіх магіл вельмі шмат і па Беларусі, і па ўсіх тэрыторыях, дзе была савецкая ўлада. Але далёка ня ўсе магілы знойдзеныя. Тут проста месца, дзе можна годна ўшанаваць памяць гэтых людзей. І ў тым ліку тут ляжаць таксама і беларусы, якіх мы не павінны забываць, а наведваць і маліцца за іхныя душы".
Разам зь пілігрымкай у Катынь прыехалі маці беларускага палітвязьня Зьмітра Буланава Клаўдзія Якаўлеўна і ягоная нявеста Надзея Макарэвіч.
Клаўдзія Буланава: "Тое, што адклікаецца ў нашым сэрцы — мы бачым, што некаторыя рэчы, якія адбываліся тут, на гэтай зямлі, яны падобна адбываюцца і ў нас. Нашыя дзеці праходзяць праз такія ж выпрабаваньні… Але мне хацелася б, каб гэтыя выпрабаваньні скончыліся па-іншаму. Каб яны ня леглі тут безыменнымі, каб нашыя дзеці выйшлі і захавалі свае добрыя імёны".
Пакуты ў Беларусі працягваюцца, спадкаемцы НКВД уладараць у краіне, заявіла актывістка руху салідарнасьці "Разам" Галіна Сіўчык, якая памалілася ў Катыні за вызваленьне беларускіх палітвязьняў і зачытала іхныя прозьвішчы.
Радыё Свабода