Вырак Канавалаву і Кавалёву — сьмяротнае пакараньне

01/12/2011

30 лістапада першы намесьнік старшыні Вярхоўнага суду Беларусі Аляксандар Федарцоў прыгаварыў Зьмітра Канавалава і Ўладзіслава Кавалёва да сьмяротнага пакараньня. Праваабаронцы і грамадзкія дзеячы ўжо асудзілі такі жорсткі вырак. Сям’я Кавалёва заявіла, што будзе прасіць Аляксандра Лукашэнку захаваць жыцьцё Ўладзіславу.

Генсек Рады Эўропы: «Правасудзьдзе, але ня помста»

Генэральны сакратар Рады Эўропы Турбэрн Ягланд заклікаў беларускія ўлады не прыводзіць у выкананьне сьмяротны прысуд у дачыненьні да Дзьмітрыя Канавалава і Ўладзіслава Кавалёва. Як паведамілі БелаПАН у прэс-службе Рады Эўропы, адпаведную заяву Ягланд зрабіў 30 лістапада пасьля таго, як стаў вядомы вэрдыкт Вярхоўнага суду Беларусі.

«Я заклікаю беларускія ўлады адмяніць сьмяротны прысуд, які быў сёньня вынесены Дзьмітрыю Канавалаву і Ўладзіслава Кавалёву, — сказаў генэральны сакратар Рады Эўропы. — Злачынства, у якім яны прызнаныя вінаватымі, было барбарскім, але іх пакараньне не павінна стаць такім жа. Беларусь — адзіная краіна ў Эўропе, дзе ўсё яшчэ караюць сьмерцю людзей. Я заклікаю ўлады неадкладна ўвесьці мараторый на прымяненьне гэтай вышэйшай меры пакараньня. Ахвяры і сем’і тых, хто пацярпеў 11 красавіка, заслугоўваюць правасудзьдзя, але ня помсты».

Эўрапейская грамадзянская супольнасьць не пагаджаецца са сьмяротнымі выракамі

Для краінаў, якія зьяўляюцца сябрамі Рады Эўропы, сьмяротнае пакараньне сёньня — гэта нешта недапушчальнае, заявіў у сераду ў Брусэлі сябра Эўрапейскага эканамічнага і сацыяльнага камітэту Анры Малос.

Кэтрын Эштан выказала шкадаваньне з нагоды прысуду ў Менску

«Вярхоўны прадстаўнік Эўразьвязу Кэтрын Эштан шкадуе, што Вярхоўны суд Беларусі прысудзіў сёньня спсп. Канавалава і Кавалёва да сьмяротнага пакараньня і выказвае спадзяваньне, што іх права на абскарджаньне прысуду можа быць цалкам рэалізаванае», — такую заяву зрабіла Мая Кацыянчыч, прэсавая сакратарка Вярхоўнага прадстаўніка Эўразьвязу ў справах зьнешняй палітыкі Кэтрын Эштан.

Мая Кацыянчыч: «Эўрапейскі Зьвяз выступае супраць прымяненьня сьмяротнага пакараньня пры любых абставінах. Мы лічым, што сьмяротнае пакараньне зьяўляецца жорсткім і бесчалавечным пакараньнем, што не дазваляе якога-небудзь перагляду, яно не забясьпечвае стрымліваньне злачынных паводзінаў і непрымальна адмаўляе чалавечую годнасьць і цэласнасьць… Высокі прадстаўнік заклікае Беларусь, якая зьяўляецца адзінай краінай у Эўропе, дзе ўсё яшчэ ўжываецца сьмяротнае пакараньне, далучыцца да глябальнага мараторыю на пакараньне сьмерцю ў якасьці першага кроку да яго усеагульнай адмены».

Два сьмяротныя прысуды, вынесеныя сёньня ў Беларусі, не адпавядаюць міжнародным стандартам справядлівай судовай працэдуры, лічыць прадстаўнік Amnesty International

«У нас ёсьць сур’ёзныя засьцярогі, што і Дзьмітры Канавалаў, і Уладзіслаў Кавалёў падвяргаліся жорсткаму абыходжаньню з мэтай прымусіць іх да прызнаньні, і што гэты працэс не вытрымлівае міжнароднай ацэнкі», — сказаў Джон Далгайзэн, намесьнік дырэктара рэгіянальных праграмаў у Эўропе і Цэнтральнай Азіі.

«Беларусь мае недахопы сыстэмы правасудзьдзя і рэгулярна парушае міжнародныя нормы справядлівага судовага разбору, існуе высокая рызыка судовай памылкі і пакараньня невінаватага чалавека», — сказаў ён.

Прадстаўнік Amnesty International зьвяртае ўвагу, што ў часе судовага разбору Уладзіслаў Кавалёў адмовіўся ад сваіх прызнаньняў, атрыманых, як ён сьцьвярджае, пад ціскам. Ён заявіў, што падчас допыту ён пачуў крыкі Дзьмітрыя Канавалава і палічыў, што наступным будуць катаваць яго. Яго маці паведаміла, што абодва яны былі зьбітыя падчас допыту. У парушэньне іх права на прэзумпцыю невінаватасьці, раніцай 13 красавіка прэзыдэнт Аляксандр Лукашэнка заявіў, што двое мужчын, якія былі затрыманыя, прызналіся ў тэракце, а таксама ў папярэдніх выбухах у Беларусі. На самай справе, Канавалаў і Кавалёў у той дзень не былі дапытаныя.

«Сьмяротнае пакараньне зьяўляецца непапраўчым, і мы выступаем супраць яго выкарыстаньня ва ўсіх выпадках. Прэзыдэнт Лукашэнка павінен неадкладна аб’явіць мараторый на сьмяротнае пакараньне і далучыцца да ўсё большай колькасьці краінаў, якія адмаўляюцца ад гэтага барбарскага пакараньня », — сказаў Джон Далгайзэн, нагадаўшы, што Беларусь застаецца адзінай эўрапейскай краінай, якая ўсё яшчэ прымяняе сьмяротнае пакараньне.

Дэпутаты Эўрапарлямэнту Раўль Ромэва (Гішпанія) і Эдвард Кукан (Славаччына) пракамэнтавалі сьмяротныя прысуды ў Менску

Эдвард Кукан: «Гэта — трагічная навіна, бо здаецца, што намаганьні эўрапейскіх і сусьветных структураў прывесьці Лукашэнку ў розум — не спрацоўваюць. Таму я мяркую, што будзе неабходна ўжыць больш моцныя захады».

Раўль Ромэва: «Калі якая-небудзь краіна хоча быць паважанай з пункту гледжаньня правоў чалавека, у прынцыпе, сьмяротнае пакараньне павінна быць адменена там, дзе яно існуе — ці то ў Беларусі ці то ў ЗША, ці там, дзе гэта адбываецца. Так што ў гэтым выпадку, мая адзіная пазыцыя — я рашуча асуджаю любыя пакараньні сьмерцю пры якіх заўгодна абставінах».

Упаўнаважаны па правах чалавека Нямеччыны патрабуе адмовіцца ад сьмяротнага пакараньня ў Беларусі

Упаўнаважаны па правах чалавека Нямеччыны Маркус Лёнінг выступіў з заявай, у якой ён асуджае сьмяротныя прысуды Канавалаву і Кавалёву. Ён таксама патрабуе зьмяніць гэтыя выракі на турэмнае зьняволеньне.

У заяве гаворыцца: «Сьмяротная кара ніколі не апраўдана. Яна не зьяўляецца адэкватным сродкам ні ў якасьці пакараньня, ні ў барацьбе са злачыннасьцю. Ніколі немагчыма выключыць судовыя памылкі. Таму я заклікаю беларускі ўрад да неадкладнай адмены сьмяротнага пакараньня, а ў якасьці першага кроку абвясьціць мараторый на прывядзеньне ў выкананьне сьмяротных прысудаў».

Адвакат Канавалава ня згодны з вынесеным прысудам

Адвакат Дзьмітрыя Канавалава Дзьмітрый Лепрэтар заявіў, што як абаронца ён ня можа быць згодны з вынесеным прысудам. Таксама ён сказаў, што будзе яшчэ мець сустрэчу з Канавалавым, каб абмеркаваць пытаньне пра магчымасьць абскарджваньня прысуду ў парадку нагляду. Таксама ён узгодніць пытаньне адносна памілаваньня.

«Для таго каб разабрацца і сказаць больш канкрэтныя рэчы па прысудзе, яго трэба прачытаць. Бо выслухаць яго, стоячы ў залі, было даволі складана. Пазыцыя абароны была выказана ў спрэчках, і ў прынцыпе яна не зьмянілася. Бок абароны зыходзіў з прававой пазыцыі адносна раньніх эпізодаў да 2005 году, я прасіў апраўдаць. Што да эпізодаў 2008 і 2011 гадоў, то, нягледзячы на яго прызнальную пазыцыю, я зьвярнуў увагу на некаторыя нестыкоўкі, неадпаведнасьці, якія ёсьць у справе. І, адпаведна, якія нестыкоўкі я ў справе знайшоў, якія ня так стройна кладуцца ў вэрсію абвінавачаньня, я іх агучыў».

Маці Ўладзіслава Кавалёва спадарыня Любоў напісала хадайніцтва пра сустрэчу з сынам. Зь ім яна сустракалася толькі адзін раз перад пачаткам працэсу. Спадарыня Любоў лічыць свайго сына невінаватым.

«Усё абвінавачаньне сфабрыкавана. І суд пайшоў на паваду ў абвінавачаньня».

Сястра Ўладзіслава Кавалёва Тацьцяна сказала, што сваякі будуць зьвяртацца да кіраўніка краіны з просьбай аб памілаваньні.

«Хлопчыкаў трэба ратаваць. Мы ў шоку, бо Ўладзік ніякім бокам не датычны да гэтай справы. Доказаў у іх няма на Дзіму, на Ўладзіка тым больш. Прысуд абсалютна не адпавядае матэрыялам справы. Перакруцілі, нагаварылі лухты. Гэта суцэльная хлусьня. Я ня ведаю, як у іх наагул язык павярнуўся вынесьці такія прысуды хлопчыкам».

Адна з пацярпелых сказала, што пагаджаецца з прысудам, бо калі віна даказаная, то трэба расстраляць:

«Калі гэта даказана, то толькі так».

Ільля Маркевіч сказаў, што ня верыць у вінаватасьць свайго сябра Ўладзіслава Кавалёва. Ён называе гэта добра сплянаваным палітычным ходам падчас крызісу.

«Могуць пацярпець невінаватыя людзі. Нават калі невінаватасьць іх будзе даказаная, ад гэтага нікому лягчэй ня стане. Зараз ня тое што абвясьцілі сьмяротны прысуд, дык яшчэ і доказы зьнішчаюць».

Паводле сябра БХК Паўла Левінава, хочацца ўцякаць з краіны, дзе выносяцца сьмяротныя прысуды. Ён зьбіраецца рабіць усё магчымае, каб такіх прысудаў больш не было. Праваабаронца лічыць, што прысуд меў непераканаўчую базу.

«У мяне такое адчуваньне, што я прысутнічаю пры тым, што нехта зрабіў замову на забойства людзей. І нехта хоча прывесьці яе ў выкананьне».

Эўрапейская грамадзянская супольнасьць не пагаджаецца са сьмяротнымі выракамі.

Для краінаў, якія зьяўляюцца сябрамі Радыё Эўропы, сьмяротнае пакараньне сёньня — гэта нешта недапушчальнае, заявіў Інтэрфаксу ў сераду ў Брусэлі сябра Эўрапейскага эканамічнага і сацыяльнага камітэту Анры Малос.

«Вядома, гэта справа беларускага суду, але грамадзянская супольнасьць Эўропы ня можа вітаць вынесены ў Мінску вырак», — заявіў Малос.

«Для мяне важна яшчэ і тое, што гэта злачынства, на мой погляд, не было да канца расьсьледаванае. Чаму быў зьдзейсьнены тэракт у менскім мэтро? Чаго на самай справе хацелі злачынцы? У якасьці доказу служыла не зусім рэзкая відэавыява. Мне здаецца, што ўсяму гэтаму дадзены занадта простыя тлумачэньні. Хада і празрыстасьць гэтага расьсьледаваньня выклікаюць пытаньні», — дадаў ён.

«Прысуд уяўляецца вельмі хуткім… у гэтай дзіўнай гісторыі застаюцца няясныя моманты…. гэта былі „ідэальныя абвінавачаныя“ для сьледства, знойдзеныя практычна выпадкова. Гэта ўсе выклікае зьдзіўленьне», — сказаў Малос.

50 тысяч людзей і праваабаронцы супраць сьмяротнага пакараньня для Кавалёва і Канавалава

Агулам каля 50 тысяч карыстальнікаў інтэрнэту выказаліся за тое, каб не караць сьмерцю падазраваных у выбухах. Пэтыцыі можна было падпісаць тут і тут.

Любоў Кавалёва, маці Ўладзіслава, заклікала Аляксандра Лукашэнку не караць падазраваных сьмерцю.

Яна нават папрасіла, каб расстралялі яе, а ня сына.

Беларускія праваабаронцы патрабуюць не ўжываць сьмяротнае пакараньне для Канавалава і Кавалёва «ў мэтах гуманнасьці, бясьпекі і разьвіцьця грамадзтва».

Праваабаронцы лічаць: калі суд высьветліў датычнасьць Кавалёва і Канавалава да тэракту, то «ў інтарэсах грамадзкай бясьпекі неабходна захаваць жыцьці гэтых людзей, якія валодаюць каштоўнай інфармацыяй пра акалічнасьці трагедыі».

«Жыцьцё Кавалёва і Канавалава павінна быць захаванае, таму што ў будучыні ня выключана магчымасьць зьяўленьня новых зьвестак пра тэракт у менскім мэтро (…) Найважнейшым чыньнікам гэтай справы павінна стаць не пакараньне, а ўпэўненасьць грамадзтва ў тым, што выяўленыя ўсе магчымыя акалічнасьці і датычныя асобы», — гаворыцца ў заяве, агучанай 29 лістапада.

550 тамоў справы і паўтара месяца суду

Працэс Кавалёва і Канавалава пачаўся 15 верасьня ў Доме правасудзьдзя.

Дзьмітры Канавалаў і Ўладзіслаў Кавалёў — асноўныя падазраваныя ў выбуху на станцыі мэтро «Кастрычніцкая» 11 красавіка 2011 году. Тады загінула 15 чалавек, больш за 200 апынуліся ў шпіталях.

Справа налічвае 550 тамоў.

 

На здымку: Любоў Кавалёва пасьля выраку ейнаму сыну Ўладзіславу