Камітэт ААН настойвае на расьсьледаваньні ўсіх выпадкаў катаваньняў і выпадкаў зьнікненьня людзей у Беларусі

05/12/2011

Пра гэта гаворыцца ў апублікаваных рэкамэндацыях Камітэта ААН супраць катаваньняў, якія складзены паводле вынікаў адмысловых слуханьняў па сытуацыі ў Беларусі.

Падчас слуханьняў 11 і 14 лістапада ў Жэнэве камітэт абмеркаваў сытуацыю ў Беларусі і заслухаў два даклады: урадавы — аб выкананьні Беларусьсю Канвэнцыі ААН аб забароне катаваньняў і іншых відаў жорсткага і бесчалавечнага абыходжаньня, а таксама альтэрнатыўны, складзены праваабаронцамі.

Камітэт таксама рэкамэндуе афіцыйнаму Менску забясьпечыць усім зьняволеным доступ да асноўных прававых гарантый з моманту іх затрыманьня, у тым ліку права на неадкладны доступ да адваката, на абсьледаваньне незалежным лекарам, на магчымасьць зьвязацца зь сям’ёй.

Камітэт таксама рэкамэндуе забясьпечыць хуткую рэгістрацыю ўсіх затрыманых людзей і доступ да гэтай базы дадзеных іх сваякоў і адвакатаў.

Дзяржава — удзельніца Канвэнцыі ААН па прадухіленьні катаваньняў павінна ажыцьцяўляць маніторынг выкананьня заканадаўства, якое абавязвае ўсіх прадстаўнікоў праваахоўных органаў, якія знаходзяцца пры выкананьні, улучна са спэцназам і супрацоўнікамі КДБ, насіць апазнавальныя знакі, гаворыцца ў рэкамэндацыях.

Камітэт рэкамэндуе ўладам забясьпечыць расьсьледаваньне выпадкаў зьнікненьня людзей, у прыватнасьці Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага і Зьміцера Завадзкага.

Варта таксама ўсталяваць незалежны і эфэктыўны мэханізм, які спрашчае падачу скаргаў у дзяржорганы ахвярамі катаваньняў або жорсткага абыходжаньня, у тым ліку мэханізм мэдычнага агляду. Пры гэтым неабходна забясьпечыць на практыцы абарону тых, хто падае скаргі, ад любога віду жорсткага абыходжаньня або запалохваньня.

Камітэт рэкамэндуе ўладам разгледзець магчымасьць стварэньня незалежнай і бесстароньняй камісіі па правах чалавека ў складзе прадстаўнікоў дзяржаўнага і недзяржаўнага сэктара, якая мела б эфэктыўныя паўнамоцтвы.

У рэкамэндацыях таксама ўказана на неабходнасьць адхіленьня ад выкананьня сваіх абавязкаў асоб, падазраваных ва ўжываньні катаваньняў, на тэрмін расьсьледаваньня, асабліва калі ёсьць рызыка таго, што яны могуць перашкаджаць расьсьледаваньню.

Камітэт ААН рэкамэндуе прадставіць вынікі расьсьледаваньня па меркаваных правапарушэньнях, у тым ліку па справах кандыдатаў у прэзыдэнты на выбарах 2010 года Алеся Міхалевіча, Андрэя Саньнікава, Уладзімера Някляева, актывістаў іх штабоў Аляксандра Атрошчанкава, Натальлі Радзінай і Маі Абрамчык, а таксама па шматлікіх скаргах з нагоды непрапарцыйнага прымяненьня сілы спэцназам на плошчы Незалежнасьці 19 сьнежня года 2010. Прапануецца правесьці расьсьледаваньне па справах адвакатаў, якія прадстаўлялі інтарэсы затрыманых у выніку падзеяў 19 сьнежня 2010 года і пасьля былі пазбаўленыя ліцэнзій.

Паводле камітэту, варта таксама прыняць усе меры для забесьпячэньня абароны праваабаронцаў і журналістаў ад запалохваньня або гвалту, для апэратыўнага, бесстароньняга і дбайнага расьсьледаваньня і пакараньня за такія дзеі.

Уладам рэкамэндавана праінфармаваць камітэт аб выніках расьсьледаваньня меркаваных пагрозаў і перасьледу з боку ўладаў у дачыненьні да праваабаронцаў і журналістаў, у тым ліку Ірыны Халіп і Андрэя Пачобута, старшыні "Беларускага Хэльсынкскага камітэта" Алега Гулака і лідэра "Вясны" Алеся Бяляцкага.

Беларусь, адзначаецца ў рэкамэндацыях, павінна прыняць усе неабходныя меры для паляпшэньня ўмоў утрыманьня асобаў, асуджаных да сьмяротнага пакараньня, а таксама забясьпечыць ім аказаньне ўсіх відаў абароны, прадугледжаных канвэнцыяй. Уладам Беларусі таксама рэкамэндавана разгледзець магчымасьць адмены сьмяротнага пакараньня.