У Амстэрдамскім гарадзкім тэатры «Стадссхаўбюрг» 5 кастрычніка пры поўнай залі (больш за 900 месцаў) адбылася прэм’ера спэктаклю «Trash Cuisine» («Трэш-кухня») у пастаноўцы Беларускага Свабоднага Тэатру.
Чалавек і жывёла, чалавек-жывёла, голад, ежа, боль, сьмерць, цынізм і спагада, надзея і незваротнасьць — вось тэматычныя вузлы, вакол якіх засяроджваецца дзея спэктаклю. Гаспадар сцэны — мадэратар, канфэрансье, шэф-кухар (Філіп Спэл) — запрашае гледачоў у кулінарнае падарожжа па сьвеце. Падарожжа незвычайнае, экстрэмальнае і бязьлітаснае, падарожжа па колах Пекла, не трансцэндэнтнага і паэтычнага, а цалкам рэальнага — усе «стравы» спэктаклю прыгатаваныя з рэальных гісторый штодзёншчыны і нядаўняй мінуўшчыны нашай плянэты.
Адзін з кіраўнікоў тэатру Мікалай Халезін расказвае, што ідэя спэктаклю аб праблеме сьмяротнага пакараньня нарадзілася яшчэ тры гады таму, але эўрапейскія партнэры тэатру былі ўпэўненыя, што гэтая тэма неактуальная, маўляў, уся Эўропа ўжо даўно адмовілася ад кары сьмерцю. Аднак менскі працэс над Кавалёвым і Канавалавым і пакараньне іх сьмерцю «раптам» абудзіла Эўропу, і Эўрапейскі культурны фонд зьвярнуўся з прапановай да Беларускага Свабоднага Тэатру аб распрацоўцы гэтай тэмы.
У працэсе падрыхтоўкі матэрыялу творчая група тэатру наведала іншыя краіны, дзе яшчэ практыкуецца сьмяротнае пакараньне — Малайзію і Таілянд, а таксама Гану, дзе выкананьне сьмяротнай кары прыпыненае. Зь меркаваньняў бясьпекі з маршруту давялося выключыць Іран і Кітай. Месячную экспэдыцыю прафінансавала Amnesty International.
Мэню тэатральнай вячэры адкрывае беларуская гісторыя з 1942 году пра вайну, голад і сьмерць. Сьмерць сьвіньні, гадаванай гаспадаром на цяжкія часы, смерць сына, якому не давялося той сьвініны пабачыць. Забойства і кулінарыя тут ужо стаяць разам, але іх сувязь хутчэй мэтафарычная. Пакуль што.
Гэтая гісторыя зьмяняецца гратэскнай сцэнай застольля двух прафэсіяналаў — беларускага і азіяцкага — якія дзеляцца радасьцямі і расчараваньнямі сваёй працы — выкананьня сьмяротнага пакараньня. Пад шампанскае і дэлікатэсы яны смакуюць дэталі сваёй прафэсіі, а фонам застольля служаць красамоўныя ілюстрацыі па тэме ўзаконенага забойства.??
Далей дакумэнтальная рэальнасьць яшчэ ня раз будзе перамяжацца з жорсткім гратэскам, а забойства людзей і кулінарыя будуць усё больш набліжацца, пакуль не сустрэнуцца ў жахлівай гісторыі з Руанды зь ня так ужо далёкага мінулага. Адказваючы на загад «забіць усіх тараканаў», муж (хуту) забівае па чарзе трох сваіх дзяцей ад жонкі (тутсі) і паводле ўсіх правілаў кулінарнага мастацтва разьбірае іх і пячэ на патэльні, а гатовую «страву» спрабуе прымусіць есьці жонку, якая ляжыць у ложку пасьля цяжкіх родаў (апошняму дзіцяці два месяцы). Сцэна вырашаецца сродкамі плястыкі і харэаграфіі, але шэф-кухар рэальна пячэ рэквізытнае мяса. Былі гледачы, у якіх у гэты момант ня вытрымалі нэрвы…
Іншыя рэальныя гісторыі спэктаклю — лёс Ліэма Холдэна, ірляндзкага рэспубліканства з Бэлфасту, якога прысудзілі да сьмерці ў 1973 годзе, аднак замянілі кару пажыцьцёвым зьняволеньнем. Холдэн адседзеў за кратамі 17 гадоў і быў вызвалены, калі было даказана, што прызнаньне ў забойстве брытанскага салдата было атрыманае з дапамогай нялюдзкіх катаваньняў. А брытанскі адвакат Клайв Стэфард Сьміт, змагар за адмену сьмяротнага пакараньня ў ЗША, вуснамі ўсіх па чарзе ўдзельнікаў дзеі на сцэне расказвае ва ўсіх падрабязнасьцях шлях асуджанага на сьмерць да электрычнага крэсла. Гуманныя службоўцы пытаюцца ў вязьня — якую страву ён хацеў бы зьесьці перад сьмерцю, той кажа — які ў гэтым сэнс, калі яго неўзабаве засмажаць, і просіць цыгарэту. Аднак адміністрацыя турмы адмаўляе — бо курэньне шкоднае для здароўя…
Яшчэ адзін эфэктны выбух чорнага гумару — паказ розных відаў сьмяротнага пакараньня з дапамогай мімікі, жэстаў і гукаперайманьня (амэрыканская акторка Стэфані Пан): газавая камэра, адсячэньне галавы, павешаньне, расстрэл, сьмяротная ін’екцыя, электрычнае крэсла — і ўсё гэта ў традыцыйнай камэдыйнай стылістыцы. Страшна сьмешна… Не, проста страшна.
Унівэрсальнасьць праблемы сьмяротнага пакараньня падкрэсьліваецца шэксьпіраўскімі маналёгамі — з “Гамлета“ і “Вэнэцыянскага гандляра” — якімі апавядальнік-кухар час ад часу камэнтуе тое, што адбываецца на сцэне.
Кругасьветнае кулінарнае падарожжа канчаецца там, дзе і пачалося — у Беларусі. На фоне маналёгу Любові Кавалёвай разгортваецца гісторыя справы аб выбуху ў мэтро, сцэнаграфічнае рашэньне якой цяжка пераказаць — гэта трэба проста бачыць. Апошнія словы маці — калі Ўлада арыштавалі, ён сказаў «не хвалюйся, мама, усё вырашыцца, і праз 72 гадзіны мяне выпусьцяць» — «я ўсё яшчэ чакаю, калі скончацца гэтыя 72 гадзіны…»
Музыка ў спэктаклі жывая — увесь вечар на сцэне яе выконвае беларуска-амэрыканскі кампазытар і гітарыст Аркадзь Юшын. У кульмінацыйны момант гісторыі Ўлада Кавалёва гучыць «Купалінка» — песьня пра ноч, страту і сьлёзы.
Калі заля выбухнула воплескамі і пасьля трэцяга выхаду актораў устала з крэслаў, на сцэну выйшла прадзюсар спэктаклю Натальля Каляда і, папрасіўшы хвіліну ўвагі, запрасіла на сцэну трох жанчын, каб яны расказалі свае гісторыі. Лера Красоўская, Ірына Багданава і Любоў Кавалёва нагадалі пра лёс сваіх бацькі, брата і сына і заклікалі прысутных нагадаць сваім палітыкам пра тое, што ў ХХІ стагодзьдзі адбываецца зусім побач, у геаграфічным цэнтры Эўропы — у сучаснай Беларусі.
Выступы Беларускага Свабоднага тэатру прайшлі пад патранажам Эўрапейскага культурнага фонду, прэзыдэнтам якога зьяўляецца нідэрляндзкая прынцэса Лярэнтын, сустрэча зь якой кіраўнікоў Свабоднага тэатру адбылася напярэдадні прэм’еры
Вынікам месячнай рэзыдэнцыі Свабоднага тэатру ў Амстэрдаме, акрамя прэм’еры на сцэне Каралеўскага тэатру, сталі першыя палітычныя дэбаты па Беларусі, якія прайшлі 3 кастрычніка. Іх асноўнай тэмай стаў гандлёвы абарот Нідэрляндаў і іншых краін Эўразьвязу з рэжымам Лукашэнкі.
**
Пасьля спэктаклю сваімі ўражаньнямі падзяліліся некаторыя “заўважныя” гледачы:
Робэрт Палмэр, дырэктар у пытаньнях культуры і культурнай і нацыянальнай спадчыне ў Радзе Эўропы:
«Гэтая трупа з кожным разам дэманструе сьмеласьць і адвагу, расказваючы гісторыі, заснаваныя на жывым досьведзе,і гэта неверагодна моцная магчымасьць зразумець узровень цяжкасьцяў, зь якімі сутыкаецца Беларусь. Думаю, з гэтымі гісторыямі мусіць азнаёміцца шырэйшы сьвет. Важным досьведам для мяне была і рэакцыя публікі сёньня тут, у Амстэрдаме. Трэба рабіць увець магчымы ціск, каб беларускія ўлады прызналі справядлівасьць патрабаваньняў звычайных людзей. Вядома, сёньняшні спэктакль — гэта толькі дробная кропля, што ўпала на камень. Патрэбныя тысячы такіх падзеяў, каб дамагчыся рэальных зьменаў».
Стэфан Эрыксан, былы амбасадар Швэцыі ў Беларусі:
«Для мяне гэта вельмі значная падзея — калі беларускі тэатар атрымлівае такую ўвагу ў Эўропе, у Амстэрдаме. Вельмі важна, каб людзі ва ўсёй Эўропе даведаліся, што ёсьць такая краіна, што там ёсьць таленавітыя акторы, якім ёсьць што расказаць эўрапейскай публіцы. Тэма сёньняшняга спэктаклю няпростая, але я ўпэўнены, што акторы Беларускага Свабоднага Тэатру сёньня гэтым спэктаклем сапраўды закранулі сэрцы людзей».
Інга Пэц, нямецкі журналіст, які спэцыялізуецца на беларускіх тэмах:
«З аднаго боку я ўражаны прафэсійнай працай Свабоднага Тэатру. Яны здолелі выпрацаваць сваю спэцыфічную эстэтычную мову — я бачыў пяць іх п’есаў. У спэктаклі ёсьць некалькі вельмі моцных месцаў, як напрыклад дыялёг двух „расстрэльнікаў“, якія дзеляцца сакрэтамі мастацтва забіваньня людзей, або апошняя сцэна пра пакараньне Кавалёва і Канавалава. З другога боку, важна, што ўвага да Беларусі прыцягваецца ў Нідэрляндах, краіне, зь якой рэжым Лукашэнку вядзе вельмі ўдалы гандаль нафтапрадуктамі. І яшчэ я быў вельмі крануты, калі на сцэну выйшлі Лера Красоўская, Ірына Багданава і Любоў Кавалёва. З пазыцыі аўтараў спэктаклю гэта было рызыкоўна — бо гледачы выходзілі з залі больш пад уражаньнем ад таго, што сказалі гэтыя жанчыны, а не ад самога спэктаклю. Я б хацеў, каб гэты спэктакль быў паказаны ў Нямеччыне — каб і там да Беларусі была прыцягнутая большая ўвага».
Сяргей Шупа
Радыё Свабода
Photo: Jan Boeve / European Cultural Foundation (ECF)