Затрыманьні на акцыі салідарнасьці ў Віцебску

17/02/2013

Сябры аргкамітэту па стварэньні партыі БХД Аляксей Кішчук і Станіслаў Лаўрэнаў у цэнтры Віцебску разгарнулі расьцяжку з словам «Свабоду!» і дасталі партрэты палітзьняволеных.

Мінакі маглі назіраць гэтую акцыю ўсяго на працягу некалькіх хвілінаў: вельмі хутка пад’ехала міліцэйская машына і абодвух актывістаў разам з расьцяжкай і партрэтамі забралі ў пастарунак. У Кастрычніцкім РАУС хлопцы знаходзяцца прыкладна

«Сёньня, 16 лютага, дзень салідарнасьці з палітвязьнямі. Таму гэта наш удзел у „Хвалі салідарнасьці“. Два хлопцы наважыліся выйсьці з расьцяжкай на цэнтральную вуліцу Леніна і стаць каля віцебскага Летняга амфітэатру. Яны зрабілі гэта сьвядома, разумеючы, што іх могуць затрымаць. Дарэчы, і Аляксея Кішчука, і Станіслава Лаўрэнава ўжо і затрымлівалі, і судзіл», — апавяла віцебская каардынатарка аргкамітэту па стварэньні партыі БХД Тацяна Севярынец.

«Гэтую акцыю мы рыхтавалі супольна — прадстаўнікі партыі БНФ, руху „За Свабоду“, моладзевай суполкі „Вольны шлях“. Расьцяжка была вялікая, яе было відаць здалёк, таму і супрацоўнікі міліцыі адрэагавалі так хутка. Назіраць за працэсам затрыманьня прыехаў сам намесьнік кіраўнік міліцыі грамадзкай бясьпекі ўправы МУС Віцебскага аблвыканкаму Ігар Скарыновіч», — дадаў кіраўнік гарадзкой арганізацыі партыі БНФ Аляксандар Кузьняцоў.

Некалькі віцебскіх актывістаў таксама пайшлі ў Кастрычніцкі РАУС, каб падтрымаць тых, каго затрымалі за акцыі салідарнасьці.

Празь некаторы час затрыманыя перасталі адказваць на тэлефонныя званкі. Прыблізна а 15:40 Тацяна Севярынец атрымала смс-паведамленьне, што абодвух хлопцаў павязуць у ізалятар часовага ўтрыманьня.

У Станіслава Лаўрэнава 16 лютага — Дзень народзінаў, і «сьвяткаваць» яго даводзіцца ў пастарунку ды ў ІЧУ.

Найбольш верагодна, што пад вартай затрыманыя правядуць каля двух сутак — да панядзелка. Судзіць Аляксея Кішчука і Станіслава Лаўрэнава будуць у Кастрычніцкім райсудзе Віцебску.

 

Радыё Свабода