15 год таму, 7 траўня 1999 году, раптоўна зьнік генэрал Юры Захаранка, былы міністар унутраных спраў Беларусі, стваральнік нефармальнага Саюзу афіцэраў, сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі й кіраўнік камітэту па бясьпецы ценявога ўраду краіны. У мястэчку Васілевічы на Гомельшчыне сына дагэтуль чакае старэнькая маці, Ульяна Захаранка.
Ульяне Рыгораўне сёлета ў лютым споўнілася 90 гадоў, зь іх 15 — яна чакае зьніклага сына. Усё яшчэ спадзяецца, што Юры, можа, недзе жывы:
«Можа, яшчэ аб’явіцца, можа, ён дзе жывы. Я не магу ўжо перанесьці. І аднаго сына няма, і другога — і я адна-адзінюткая ў доме. Перажываю, перажываю. Як падумаю — куды яны яго дзелі? Можа, дзе й жывы — дзе ў якую іншую дзяржаву заперлі? Іх Гасподзь пакарае!»
Спачатку пракуратура, міліцыя, а апошнім часам і наваствораны Сьледчы камітэт шлюць маці адпіскі. Іх набралася ўжо блізу чатырох дзясяткаў. Паведамляюць, што расьсьледаваньне справы № 110352 па факце зьнікненьня сына працягнута. І так пятнаццаць гадоў — з тых дзевяноста, што пражыла на белым сьвеце Ўльяна Захаранка.
Праз чатыры месяцы, 17 верасьня, заканчваецца 15-гадовы тэрмін з таго моманту, як была заведзена справа аб зьнікненьні Юрыя Захаранкі паводле артыкула 101 Крымінальнага кодэксу — наўмыснае забойства. Праваабаронцы адзначаюць, што па сканчэньні гэтага тэрміну ва ўладаў зьявіцца законная падстава наагул спыніць сьледзтва аб зьнікненьні экс-міністра — бо выйдзе тэрмін, калі вінаватых можна прыцягваць да адказнасьці.
Ульяна Рыгораўна не дае веры, што за наступныя чатыры месяцы нешта можа зрушыцца ў справе расьсьледаваньня:
«А-а-а, мала веры — ужо яны раскрываюць пятнаццаць гадоў, бо яны самі ўсё гэта там рабілі».
У сям’і выгнаньніцы з Украіны Ульяны Лазарэнкі і такога ж выгнаньніка ваенных часоў Мікалая Захаранкі зь Беларусі было двое сыноў — Уладзімер і Юры. Муж Ульяны Мікалай праз хваробу памёр рана, а за год да зьнікненьня Юрыя памёр і старэйшы сын, Уладзімер:
«Я ж хвалююся, начамі ня сплю. Плачу. Адзін сын служыў у падводніках на атамнай лодцы — памёр без пары. І другога праз год забралі. Хіба ж можна майму сэрцу гэта вытрымаць?»
Захаранка кажа, што яе замучылі стэнакардыя й сардэчныя прыступы. Апрача таго, апошнім часам стаў падаць крывяны ціск. Раней было наадварот — ціск быў высокі. Цяпер ён, бывае, рэзка зьніжаецца, і тады самотная старая ледзьве дабіраецца да ложка.
Дапамагаюць Ульяне Рыгораўне пляменьніца Люба з мужам. Яны і гарод пасеюць, і хату дапамогуць прыбраць. Ёсьць і сацыяльная працаўніца, якая час ад часу прыносіць бабулі Ўльяне харчы.
Ульяна Захаранка з партрэтам сына ЮрыяУльяна Захаранка з партрэтам сына Юрыя
Прыходзіла й сёньня, акурат калі гаспадыня пачувала сябе ня лепшым чынам:
«Устала — хадзіць не магу, есьці не магу. Упала ўжо зноў на ложак. А тут прыехала сацработніца, што мне хлеб купляе ды сёе-тое іншае. Дык яна дзьверы не адчыніць. Гэта ж ішлі дажджы, і ў калідоры так намоклі дзьверы, што няможна адчыніць. Разбухлі. Дык яна стаіць ля дзьвярэй і не адчыняе. Кажу: „Чаго ж не адчыняеш?“ А яна: „А дзьверы ў вас не адчыняюцца!“ Я ўжо паднялася і неяк адчыніла. Купіла яна мне хлеба, малака, пачачак масла».
Радуецца Ўльяна Рыгораўна, калі ёй тэлефануюць нявестка Вольга, унучкі Алена і Юля. Пасьля зьнікненьня Юрыя яго сям’я дзеля бясьпекі зьехала ў Нямеччыну ды там і засталася. Ва ўнучак ёсьць ужо свае дзеці — Кірыл і Дзяніс, унукі Юрыя Захаранкі і яе, Ульяны Рыгораўны, праўнукі. Бабуля так хоча іх пабачыць, але пакуль ні дочкі, ні жонка сына прыехаць на радзіму нават у госьці не адважваюцца.
Тэлефануюць іншы раз з Палтаўшчыны, што ва Ўкраіне, і пляменьніцы Люба і Наташа — дочкі роднай сястры Мілі, вядомага ў родным краі агранома. Самой сястры, на жаль, нядаўна ня стала. Ульяна Рыгораўна з прычыны стану здароўя не змагла нават паехаць на пахаваньне. У роднага брата, Васіля Рыгоравіча Лазарэнкі, Героя Савецкага Саюзу, што памёр неўзабаве пасьля вайны, дзяцей не было.
Ульяна Рыгораўна кажа, што цяпер душа баліць і за Ўкраіну, якую ня без удзелу Расеі спрабуюць разарваць на часткі. Праўда, як сьцьвярджаюць пляменьніцы, на Палтаўшчыне, дзякуй богу, ціха:
«Яны кажуць: „У нас ціха“. Там дзесьці ваююць, а ў іх цішыня. На Палтаўшчыне — цішыня. Часьцяком тэлефануюць і кажуць, што ў іх поўная цішыня. Нікога не саджаюць, не забіваюць. А ваююць дзесьці ў Данецку, у Данбасе».