Захаранка, Ганчар, Красоўскі, Завадзкі. Што стала зь сем’ямі зьніклых у Беларусі

30/08/2018

30 жніўня ў сьвеце адзначаюць Міжнародны дзень зьніклых. У Беларусі, паводле афіцыйнай статыстыкі, штогод рэгіструюць некалькі соцень зьніклых бязь вестак. Некаторых знаходзяць, але значна больш прозьвішчаў папаўняюць сьпіс тых, каго сваякі і міліцыя будуць шукаць гадамі. Нярэдка — беспасьпяхова.

Прычыны зьнікненьня людзей розныя — крымінальныя, бытавыя, зьвязаныя са станам здароўя ці асацыяльным ладам жыцьця. Асобнай групай сярод зьніклых — тыя, хто стаў ахвярай палітычна матываванага выкраданьня. У сучаснай Беларусі ў ліку такіх людзей — былы міністар унутраных спраў Юры Захаранка, былы старшыня Цэнтравыбаркаму і намесьнік старшыні Вярхоўнага Савету Віктар Ганчар, ягоны сябар бізнэсовец Анатоль Красоўскі і апэратар ОРТ, беларускі журналіст Зьміцер Завадзкі. Ці ёсьць навіны ў справах гэтых зьніклых?

Юры Захаранка

​Былы міністар першага ўраду часоў Лукашэнкі апазыцыянэр Юры Захаранка раптоўна зьнік у траўні 1999 году, і з таго часу пра ягоны лёс нічога не вядома.

Сьледзтва па справе аб зьнікненьні Юрыя Захаранкі рэгулярна падаўжаюць, але, як мяркуюць праваабаронцы Алег Воўчак і Раіса Міхайлоўская, улады толькі імітуюць пошукі Юрыя Захаранкі. У апазыцыі лічаць, што ягонае зьнікненьне — справа рук беларускіх «эскадронаў сьмерці», адмысловых групаў спэцвойскаў, якія ў канцы 1990-х гадоў выконвалі загады на фізычнае зьнішчэньне найбольш уплывовых лідэраў апазыцыі.

Сям’я Юрыя Захаранкі на пачатку 2000-х гадоў зьехала ў Нямеччыну. У жніўні 2018 году ў пасёлку Васілевічы Гомельскай вобласьці памерла ягоная маціЎльяна Рыгораўна Захаранка, якой было 94 гады. Больш за 18 гадоў яна чакала вяртаньня сына. Дарэчы, суды ў Беларусі так і не прызналі Юрыя Захаранку памерлым, што не дазваляла вырашыць пытаньні з маёмасьцю, якая была на яго запісаная.

Віктар Ганчар

Віктар Ганчар
Віктар Ганчар

​У тым жа 1999 годзе, у верасьні, у Менску зьнік Віктар Ганчар — беларускі апазыцыянэр, лідэр той часткі Вярхоўнага Савету Беларусі, якая не прызнала роспуск Аляксандрам Лукашэнкам у 1996 годзе беларускага парлямэнту і працягвала змагацца за вяртаньне краіны ў рэчышча дэмакратыі.

Мяркуюць, што захоп і выкраданьне Віктара Ганчара праходзілі па схеме, падобнай да выкраданьня Юрыя Захаранкі. Паводле грамадзкага расьсьледаваньня, у справе зноў фігураваў аўтамабіль аднаго зь сілавікоў, а ўдзел гэтай асобы ў справе пазьней пацьвердзіўся і зьвесткамі пра тое, што для зьнішчэньня Віктара Ганчара быў выкарыстаны расстрэльны пісталет — табэльная зброя, якой у Беларусі ў той час выконвалі сьмяротныя прысуды.

Віктар Ганчар

Ужо праз два гады суд прызнаў Віктара Ганчара бязь вестак адсутным, а вось інфармацыі пра тое, што ў крымінальнай справе аб зьнікненьні апазыцыянэра пастаўлена кропка, беларускае грамадзтва дагэтуль ня мае.

Жонка Віктара Ганчара Зінаіда Ганчар жыве і працуе ў Менску, у апошнія гады яна не камэнтуе справу свайго мужа.

Анатоль Красоўскі

Анатоль Красоўскі
Анатоль Красоўскі

Бізнэсовец Анатоль Красоўскі зьнік разам са сваім сябрам Віктарам Ганчаром у той жа дзень, 17 верасьня 1999 году. Гэта адбылося пасьля таго, як Ганчар і Красоўскі наведалі лазьню на вуліцы Фабрычнай у Менску.

Пазьней узьнікла вэрсія, што Анатоль Красоўскі быў ня толькі сябрам Віктара Ганчара, але ўдзельнічаў і ў фінансаваньні шэрагу апазыцыйных праектаў. Зьнікненьне Анатоля Красоўскага не расьсьледаванае, гэтаксама як і Віктара Ганчара. Не дапамаглі і прадстаўленыя сьледзтву зьвесткі, што Анатоля Красоўскага таксама маглі забіць з «расстрэльнага пісталета».

Анатоль Красоўскі

Жонка Анатоля Красоўскага Ірына Красоўская жыве ў ЗША, дзе працягвае ўдзел у грамадзкім жыцьці, у тым ліку ў справе пошуку праўды пра зьнікненьні беларускіх апазыцыянэраў.

Зьміцер Завадзкі

​Апэратар ОРТ Зьміцер Завадзкі зьнік 18 гадоў таму, у ліпені 2000 году. Ён ехаў у менскі аэрапорт сустракаць калегу — Паўла Шарамета, але не даехаў. Машыну знайшлі на стаянцы аэрапорту з павыціранымі адбіткамі пальцаў, Зьмітра ў ёй не было.

Зьміцер Завадзкскі

У сакавіку 2002 году па справе аб выкраданьні Зьмітра Завадзкага былі асуджаныя 4 чалавекі — былыя супрацоўнікі спэцыяльнага атраду міліцыі «Алмаз». Пазьней суд прызнаў Зьмітра памерлым, але цела дагэтуль не знайшлі. Пошукавая справа Зьмітра Завадзкага, як і справы аб зьнікненьні Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага, не закрытая, хоць і прагрэсу ў пошуках няма.

Вольга Завадзкая

Маці апэратара ОРТ Вольга Завадзкая перакананая, што пакуль Лукашэнка пры ўладзе, праўда пра лёс яе сына, як і іншых палітычных зьніклых, ня будзе раскрытая.

Жонка Зьмітра Завадзкага Сьвятлана выйшла замуж, у другім шлюбе ў яе падрастае дачка.