Роўна 20 гадоў таму, 16 верасня 1999 года, знік былы віцэ-прэм’ер і экс-старшыня ЦВК Віктар Ганчар, які падрыхтаваў дакументы, што даказвалі парушэнне Аляксандрам Лукашэнкам Канстытуцыі Беларусі ды незаконнасць перабывання на прэзідэнцкай пасадзе.
У той вечар разам з сябрам Анатолем Красоўскім Віктар Ганчар паехаў у лазню, што знаходзіцца па адрасе Фабрычная, 20 у Менску. А 22:35 іх пабачылі апошні раз, калі яны селі ў аўта «Jeep Cherokee», што належаў Красоўскаму. На месцы іх знікнення знайшлі пабітае шкло і сляды крыві.
Ганчар быў не першым уплывовым палітыкам Беларусі, каго не стала ў 1999 годзе. Гэтак, 6 красавіка пры загадкавых абставінах памёр Генадзь Карпенка, які рыхтаваўся да наступных прэзідэнцкіх выбараў. А 7 траўня знік былы міністр унутраных спраў Юрый Захаранка.
Менская пракуратура распачала крымінальную справу па факце знікнення. Тагачасны начальнік СІЗА нумар адзін Алег Алкаеў падаваў рапарт аб выдачы расстрэльнай зброі напярэдадні знікненняў Ганчара, Красоўскага і Юрыя Захаранкі. У 2000 годзе Уладзімір Навумаў, які ўзначаліў МУС, атрымаў справаздачу ад генерал-маёра Мікалая Лапаціка, у якой той называў выканаўцам выкрадання палкоўніка МУС Дзмітрыя Паўлічэнку.
У датычнасці да выкрадання апазіцыйных палітыкаў таксама падазраюць міністра ўнутраных справаў Юрыя Сівакова і Віктара Шэймана, які ў 2000 годзе стаў генеральным пракурорам.
Справа так і не дайшла суду, а целы зніклых так і не былі знойдзеныя. У 2019 годзе іхныя сваякі атрымалі паведамленне пра спыненне расследавання.