41-гадовы Юры Гараўскі, які назваў сябе байцом беларускага «эскадрону сьмерці» і расказаў пра свой удзел у выкраданьні і забойстве праціўнікаў Аляксандра Лукашэнкі 20 гадоў таму, апісаў месца меркаванага забойства былога віцэ-сьпікера Вярхоўнага Савету Віктара Ганчара і ягонага сябра бізнэсоўца Анатоля Красоўскага. Карэспандэнты Свабоды паглядзелі, што там цяпер.
Гараўскі сьцьвярджае, што 19 верасьня 1999 году ён удзельнічаў у выкраданьні і забойстве Ганчара і Красоўскага. Апошніх нібыта застрэліў тагачасны камандзір СОБРу Дзьмітры Паўлічэнка (ён адхіляе ўсе абвінавачваньні). Адбылося гэта на на закансэрваванай вайсковай базе за 5 кілямэтраў ад Бегамлі (Докшыцкі раён Віцебскай вобласьці), дзе базаваўся СОБР. Тамсама, па ягоных словах, і закапалі целы апанэнтаў Лукашэнкі ды іхны джып.
Карэспандэнты Свабоды дабраліся да былой базы, якую мясцовыя жыхары завуць мэтэастанцыяй, бо калісьці там месьцілася вайсковая мэтэастанцыя, а пасьля частка МНС.
Як мы даведаліся, 5 гадоў таму аб’ект плошчай 2 на 3 кілямэтры выкупіў бізнэсовец Дзьмітры Пятровіч (прозьвішча ён адмовіўся называць).
Усярэдзіне тэрыторыі, абгароджанай 2-мэтровым плотам, ёсьць «некалькі карпусоў, старая казарма».
Уласьнік, які зьбіраецца запусьціць тут драўнінную вытворчасьць, сказаў Свабодзе, што на ягонай тэрыторыі няма аб‘ектаў, пра якія згадваецца ў сьведчаньнях Гараўскага. Вартаўнік Цімафей у размове з нашымі карэспандэнтамі таксама сьцьвярджаў, што зганаданая Гараўскім паласа перашкодаў знаходзіцца за тэрыторыяй былой базы.
Аднак мапы, якія апошні прадэманстраваў у дакумэнтальным фільме DW, сьведчаць пра адваротнае.
Усярэдзіну нашых журналістаў не прапусьцілі. Аднак у рэдакцыю Свабоды трапілі фота з тэрыторыі. На іх – дакладныя месцы, дзе, паводле Гарўскага, адбывалася меркаванае злачынства. Глядзіце галерэю ніжэй.
З супрацьлеглага ад КПП боку карэспандэнты Свабоды пабачылі старую браму з замком. Празь яе можна было выяжджаць з тэрыторыі базы ў лес. У лесе вакол — згнілыя бярвеньні, арматура…
На зарослай лесам тэрыторыі ёсьць бэтонныя канструкцыі, якія нагадваюць ачышчальныя збудаваньні.
Што Юры Гараўскі расказаў у інтэрвію DW
«За 5 кілямэтраў [ад Бегамлі] вайсковая база была закансэрваваная. На той момант на ёй СОБР базаваўся. Там у пачатку дарогі пакінулі джып Красоўскага, у дрэвы яго закацілі, далі задні ход. Каля паласы перашкод дастаём Ганчара і Красоўскага, кладзём іх побач. Яма ўжо была гатовая. Гэта была магіла…
Дзесьці ў раёне паловы на першую — у гадзіну ночы. Да мяне падыходзіць Паўлічэнка, я яму даю пісталет. І Паўлічэнка робіць два стрэлы ў вобласьць сэрца Ганчару і два стрэлы ў вобласьць сэрца Красоўскаму. Пасьля першага стрэлу Ганчар ускрыкнуў, таму што, мабыць, куля ня ў сэрца трапіла, а недзе побач прайшла. Ну а другі стрэл яго ўжо прысудзіў…
…Падышлі хлопцы яшчэ, мы ўзялі — нехта за ногі, нехта за рукі. Я нёс Ганчара за левую руку… і пакідалі іх у яму, першым — Ганчара, другім — Красоўскага. Яма была досыць глыбокая, 4-5 мэтраў. Мы, здаровыя мужыкі, закопвалі яе хвілін 40. Абутак Ганчара і Красоўскага я таксама туды кінуў, таму што ён доўга гарыць. Цела мы закапалі, а рэчы спалілі…
…Ля базы побач месца было падрыхтаванае. Там такая старая прасёлкавая дарога, проста на ёй была выкапаная яма. На наступны дзень Будзько Ўладзімер і кіроўца БТРа — салдат тэрміновай службы — узялі машыну Красоўскага і загналі яе туды. БТРам раздушылі гэты джып і закапалі».