Спэцназ ня даў правесьці акцыю салідарнасьці

15/07/2008

На Кастрычніцкай плошчы ў Менску была разагнаная акцыя з патрабаваньнем вызваліць актывістаў апазыцыі, арыштаваных пасьля выбуху 4 ліпеня.

У 18.00 каля 50-ці прадстаўнікоў палітычных партый і рухаў сабраліся на Кастрычніцкай плошчы на знак пратэсту супраць узмацненьня рэпрэсій у дачыненьні да актывістаў дэмакратычнай супольнасьці. Актывісты АДС патрабуюць вызваліць затрыманых актывістаў, якіх трымаюць у сьледчым ізалятары як падазроных у выбуху падчас сьвяточнага канцэрту 4 ліпеня.

Дэманстрантаў выцесьнілі з Кастрычніцкай плошчы. Падчас выцясьненьня быў зьбіты лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька.

Вывеўшы людзей з плошчы, спэцназ павёў іх вуліцай Янкі Купалы. Насустрэч дэманстрантам рухалася калёна сувораўцаў — у іх сёньня выпускны баль. Міліцыянты разьвялі дзьве калёны — адна прайшла па левым баку вуліцы, другая — па правым.

Пасьля калёна павярнула на вуліцу Куйбышава і прайшла да вуліцы Максіма Багдановіча.

Увесь час калёну суправаджалі дзьве асобы, якія ўвесь час выкрыквалі лёзунгі, крычалі дэманстрантам, што яны ўсе “прадаліся ЗША”, “служаць Бушу” і падобнае. Спэцназаўцы не дазвалялі рабіць ім заўвагі, і гэтак яны прайшлі за калёнай да вуліцы Максіма Багдановіча.

На скрыжаваньні вуліцы Варвашэні і Багдановіча каля казіно “Белая вежа” дэманстранты і спэцназаўцы раптам убачылі пусты пакет з-пад соку, і гэта выклікала сьмех і ў адных і ў другіх.

Урэшце пачуўся загад — нікога не затрымліваць. Спачатку дазволілі сысьці з натоўпу Віктару Івашкевічу, а потым далі разыйсьціся іншым дэманстрантам.

Тых дваіх, якія ўвесь час гучна абражалі людзей, узялі двое спэцназаўцаў, пад аховай адвялі ў бок і адпусьцілі.

Такім чынам, акцыя, якая, па сутнасьці, не змагла адбыцца на Кастрычніцкай плошчы, завяршылася каля крамы “Матрошка” на вуліцы Максіма Багдановіча. Затрыманых на момант роспуску не было.

Прадстаўнікі апазыцыйных партыяў заявілі, што пасьля гэтага адбудзецца паседжаньне Палітрады, дзе будзе вызначана — ці варта наагул ісьці на выбары і ў якой якасьці.

 

Любоў Лунёва
Радыё Свабода