Візавыя санкцыі застаюцца ў сіле адносна фігур, адказных за зьнікненьні апанэнтаў беларускага рэжыму, і старшыні ЦВК

13/10/2008

Рада Эўразьвязу замарозіла візавыя санкцыі супраць А.Лукашэнкі і шэрагу ягоных чыноўнікаў на паўгоду.

Прадстаўнікі францускага старшынёўства Эўразьвязу падкрэсьлілі, што гэта павінна паспрыяць дэмакратызацыі ў Беларусі.

Санкцыі не здымаюцца з асобаў, якія падазраюцца ў дачыненьні да зьнікненьня апанэнтаў рэжыму. Такiм чынам, Шэйман, Навумаў, Паўлічэнка, Сівакоў і Ярмошына застаюцца неўязнымі ў Эўрапейскі Зьвяз.

Візавыя санкцыі былі ўведзеныя пасьля сфальшаваных выбараў прэзыдэнта ў красавіку 2006 года супраць 41 беларускага чыноўніка ўключна з А.Лукашэнкам.

Прыпыненьне санкцыяў датычыцца і А.Лукашэнкі. «Ён можа падарожнічаць», — зазначыў адзін з эўрапейскіх дыпляматаў у Люксэмбургу.

Эўразьвяз пакідае за сабою права аднавіць санкцыі ў поўным аб’ёме, калі сытуацыя з правамі чалавека ў Беларусі пагоршыцца.

Тым часам фінансавыя санкцыі Эўразьвязу супраць А.Лукашэнкі і іншых высокапастаўленых прадстаўнікоў афіцыйнага Менску застаюцца ў сіле. У 2006 годзе Эўразьвяз пастанавіў замарозіць рахункі і маёмасьць А.Лукашэнкі і некалькіх дзясяткаў чыноўнікаў зь ягонага атачэньня на тэрыторыі ўсіх краінаў Эўразьвязу.

«Беларускі народ стаіць перад гістарычным выбарам: рухацца ў кірунку дэмакратыі і незалежнасьці альбо ў кірунку палітычнай стагнацыі», — зазначыла Бэніта Фэрэра-Вальднэр пасьля сустрэчы зь міністрам замежных справаў Беларусі Сяргеем Мартынавым.

Гісторыя санкцыяў Эўразьвязу супраць афіцыйнага Менску

Эўразьвяз меў праблемы ў адносінах зь Беларусьсю фактычна з пачатку кіраваньня А. Лукашэнкі.

У 1997 годзе Эўразьвяз вырашыў абмежаваць дапамогу Беларусі, не скіраваную на гуманітарныя патрэбы альбо дэмакратызацыю краіны. Тады ж было вырашана, што толькі цэнтральныя органы Эўразьвязу маюць права на сустрэчы зь беларускімі міністрамі.

У 2002 годзе, пасьля спыненьня ўладамі Беларусі працы Кансультатыўна-назіральнай групы АБСЭ ў Беларусі, калі афіцыйны Менск адмовіў у візах усім яе супрацоўнікам, Эўразьвяз у адказ увёў забарону на выдачу візаў 8 беларускім чыноўнікам, уключна з А.Лукашэнкам. Забарона была зьнятая ў 2004 годзе, калі ўлады Беларусі дазволілі адкрыць новы офіс АБСЭ ў Менску.

У красавіку 2006 году пасьля несумленных прэзыдэнцкіх выбараў і разгону масавых дэманстрацыяў у Менску Эўразьвяз зноў увёў забарону на выдачу візаў А. Лукашэнку і яшчэ каля 30 беларускім чыноўнікам, адказным за зьнікненьні чатырох апанэнтаў улады, фальсыфікацыі выбараў і атакі на мірных дэманстрантаў.

У траўні 2006 года Эўразьвяз ухваліў рашэньне аб замарожваньні рахункаў і маёмасьці важнейшых фігур беларускага рэжыму на тэрыторыі краін Эўразьвязу. Сьпіс быў пашыраны ў 2006 годзе.

Усяго візавыя і фінансавыя санкцыі дзейнічаюць супраць 41 беларускага чыноўніка, уключна з А.Лукашэнкам.

З 2004 году дзейнічала забарона на кантакты ў рамках Эўразьвязу зь Беларусьсю на вышэйшым і высокім узроўні, якая ўпершыню была парушаная толькі цяпер, калі францускае старшынства Эўразьвязу міністра замежных справаў Сяргея Мартынава запрасілі ў Люксэмбург на сустрэчу ў кулюарах чарговага паседжаньня Рады Эўразьвязу з так званай «тройкай» — з эўракамісарам па зьнешніх сувязях і палітыцы добрасуседзтва Бэнітай Фэрэра-Вальднэр, кіраўніком МЗС Францыі Бэрнар Кушнэр і вярхоўным прадстаўніком Эўразьвязу па зьнешняй палітыцы і бясьпецы Хавіерам Салянам.