Без выбару

15/01/2007

Так званыя выбары ў мясцовыя Саветы дэпутатаў адбыліся ўчора ў Беларусі. Канчатковыя вынікі гэтых “выбараў” будуць падведзеныя 18 або 19 студзеня. Аднак ужо сёння зразумела, што прадстаўнікоў апазіцыі ў мясцовых органаў ўлады будзе вельмі мала. “Дэпутатамі” на месцах сталі выключна стаўленікі ўлады, якія ішлі на выбары пад выглядам незалежных дэпутатаў і вялі агітацыйную кампанію з актыўным выкарыстаннем адміністрацыйнага рэсурсу. Да таго ж галасы выбаршчыкаў падлічвалі таксама “свае людзі” – дэмакратаў ва ўчастковыя выбарчыя камісіі не ўключылі, а міжнародных назіральнікаў Цэнтрвыбаркам не запрасіў.

У апошнія дні датэрміновага галасавання на выбарах дэпутатаў мясцовых Саветаў улада актыўна выкарыстоўвала адміністрацыйны рэсурс, сцвярджаюць незалежныя назіральнікі. 9 – 13 студзеня ў датэрміновым галасаванні ўзялі ўдзел 24,9% выбаршчыкаў. Тэмп датэрміновага галасавання вышэйшы за папярэднія мясцовыя выбары і амаль такі ж, як на выбарах прэзідэнта ў 2006 годзе.

У прыватнасці, як паведаміў выканаўчы дырэктар грамадскага аб’яднання “Беларускі Хельсінкскі камітэт” (БХК) Алег Гулак, 12-13 студзеня ў менскія вну паступіла распараджэнне забяспечыць стоадсоткавую яўку студэнтаў на датэрміновае галасаванне. “Нам пра гэта паведамілі выкладчыкі і куратары універсітэцкіх груп. Гэта значыць, як і на мінулых выбарах, сістэма арыентаваная на датэрміновае галасаванне”, – адзначыў А.Гулак.

Акрамя таго, па дадзеных праваабаронцы, выбарчыя камісіі адмовіліся даваць назіральнікам інфармацыю пра датэрміновае галасаванне. “Нам кажуць: тэлефануйце ў Цэнтрвыбаркам, там усё скажуць. Але Цэнтрвыбаркам валодае агульнымі лічбамі, а не пэўнымі дадзенымі па пэўным участку”, – сказаў А.Гулак.

Ён таксама адзначыў, што напярэдадні дня выбараў, як і падчас папярэдняй выбарчай кампаніі, незалежныя назіральнікі, кандыдаты ў дэпутаты ад дэмсіл і іх давераныя асобы раптам “пачалі рэзка і цынічна лаяцца мацюком”. “Па гэтым абвінавачванні ўжо затрыманыя некалькіх нашых назіральнікаў", – паведаміў А.Гулак.

“Усё залежыць ад таго, як будзе ісці падлік галасоў. Калі, як і ў мінулую кампанію, усе бюлетэні будуць зваленыя ў адну кучу і не будзе весціся паасобнага падліку галасоў па датэрміновым галасаванні і па асноўным дні галасавання, тады можна будзе казаць пра тое, што гэтыя выбары былі сфальсіфікаваныя, не з’яўляліся празрыстымі і свабоднымі”, – падкрэсліў выканаўчы дырэктар БХК.

Дзесяткі актывістаў у Менску і рэгіёнах прэвентыўна затрымоўваліся і арыштоўваліся. Сёння ў Менску адбудуцца суды над затрыманымі актывістамі апазіцыі Анастасіяй Александровіч, Алесем Калітой, Андрэем Дзмітрыевым. Арыштаваныя актывіст Аб’яднанай грамадзянскай партыі з Пружан (Берасцейская вобласць) Уладзімір Радзівончык; давераная асоба кандыдата ў дэпутаты абласнога Савета Валерыя Кіселя Андрэй Фамін; давераная асоба кандыдата ў дэпутаты гарадскога Савета Сяргея Антусевіча з Партыі БНФ Максім Губарэвіч; актывіст партыі БНФ з Барысава Сяргей Салаш; праваабаронца, сябар Беларускага Хельсінкскага Камітэта з Віцебска Павал Левінаў; моладзевы актывіст з Воршы Сяргей Гумінскі; кандыдаты ў дэпутаты Пінскага гарадскога Савета Аляксандр Васільеў і Аляксандр Рамановіч. Апазіцыянераў абвінавацілі ў хуліганстве. Сведкамі на судзе выступалі міліцыянты.

Назіральнікі рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Беларускі Хельсінкскі камітэт” (БХК) зафіксавалі парушэнні на мясцовых выбарах. Праваабаронцы адмовіліся прызнаць гэтыя выбары празрыстымі і справядлівымі. Сёння Беларускі Хельсінкскі Камітэт апублікуе папярэднюю справаздачу па выбарах дэпутатаў у мясцовыя Саветы.