Сёньня праваабарончая арганізацыя Freedom House апублікавала гадавую справаздачу пра стан палітычных і грамадзянскіх свабодаў у сьвеце. Беларусь па-ранейшаму мае статус несвабоднай краіны і ўваходзіць у дзесятку краінаў сьвету, блізкіх да найгоршага стану грамадзянскіх свабодаў і палітычных правоў.
Паводле справаздачы «Свабода ў сьвеце 2007», колькасьць свабодных краінаў у сьвеце застаецца амаль нязьменнай ад 1998 году. Справаздача грунтуецца на дасьледаваньні сытуацыі ў краінах сьвету ў 2006 годзе. Джэніфэр Уінздар (Jennifer Windsor), выканаўчы дырэктар арганізацыі Freedom House, адзначае, што «цягам апошняга дзесяцігодзьдзя павялічваецца працэс стагнацыі свабоды», паколькі стан свабоды пагоршыўся ў 33 краінах, і толькі ў 18 краінах — палепшыўся.
Праваабарончая арганізацыя Freedom House рыхтуе штогадовыя справаздачы пра стан свабоды ў сьвеце ад 1972 году. Усе краіны сьвету дзеляцца на тры катэгорыі — свабодныя, часткова свабодныя і несвабодныя.
Кожная краіна таксама асобна ацэньваецца ў сфэры палітычных правоў і грамадзянскіх свабодаў, паводле шкалы ад 1 да 7 балаў, дзе 1 бал азначае найбольшы узровень свабодаў, 7 — найгоршы. Беларусь вызначаецца, як і летась, як цалкам несвабодная краіна, з найгоршым балам, які ацэньвае узровень палітычных правоў. Узровень грамадзянскіх свабодаў ацэнены на 6 балаў — перадапошні перад найгоршым з ўсіх балаў.
Паводле Freedom House, існуе 8 краінаў у сьвеце, дзе стан свабоды «найгоршы з найгоршага» — Куба, Паўночная Карэя, Туркмэністан. Узбэкістан, Лівія, Судан, Бірма і Самалі. Пасьля вылучаецца дзесятак краінаў і тэрыторыяў, якія набліжаюцца да «найгоршых з найгоршых», у іх ліку і Беларусь, побач з Кітаем, Зімбабвэ і іншымі дыктараскімі краінамі Азіі і Афрыкі.
Справаздача Freedom House адзначае, што на абшарах былога Савецкага Саюзу летась ня было значных зьменаў у стане палітычных і грамадзянскіх свабодаў. Выключэньнем, «адзіным сьветлым момантам», названая Украіна, якая далучаная цяпер да ліку цалкам свабодных краінаў, а таксама палепшылася сытуацыя ў Грузіі, якая са статусу «несвабодных» перамясьцілася ў статус «часткова свабодных».
Тым часам «Расея працягвае заставаццца мадэлью для аўтарытарна-арыентаваных лідэраў у рэгіёне і ў сьвеце», і стан свабоды ў Расеі пагоршыўся ў выніку жорсткага перасьледу недзяржаўных арганізацыяў.
«Хаця дачыненьні Расеі зь Беларусьсю часткова пагоршыліся, — адзначаецца ў справаздачы, — Расея працягвае падтрымліваць аўтакратыі ў рэгіёне і супрацьстаяць памкненьням ААН ужываць санкцыі супраць дыктатараў».
Справаздача адзначае ў якасьці фэномэна ў разьвіцьці грамадзкіх і палітычных дачыненьняў у сьвеце цягам апошніх гадоў мэтанакіраваны націск на дэмакратыю, які характэрны, у ліку іншых названых несвабодных краінаў, і для Беларусі.
Тут вызначаюцца тры адметныя моманты. Па-першае, аб’ектамі перасьледу з боку ўладаў робяцца ня столькі палітычныя партыі ці прафсаюзы, колькі незалежныя недзяржаўныя арганізацыі. Па-другое, дыктатарскі рэжым імкнецца часьцей ўжываць юрыдычныя мэханізмы, заканадаўчую базу, для таго, каб прымусіць замаўчаць вольныя галасы ў грамадзтве. І, нарэшце, тое, што рэжым ў Беларусі, як і іншыя аўтарытарныя рэжымы, імкнецца пазбавіць незалежныя арганізацыі ў сваёй краіне магчымасьці атрымліваць дапамогу з-за мяжы.
Усяго 45 краінаў сьвету названыя ў справаздачы Freedom House несвабоднымі, ў іх жыве 37% насельніцтва Зямлі. Праўда, палова ад ўсёй гэтай часткі насельніцтва жыве ў адной краіне — ў Кітаі. Часткова свабоднымі названыя 58 краінаў, якія прадстаўляюць 17 % насельніцтва ўсяго сьвету.
Цалкам свабодныя, паводле справаздачы Freedom House — 90 краінаў, у якіх жыве 46 % насельніцтва Зямлі.
Тацяна Поклад
Радыё Свабода