Уладзімір Навумаў ляціць у Нью-Ёрк на канферэнцыю ААН

27/02/2007

Міністр унутраных спраў Беларусі Уладзімір Навумаў будзе знаходзіцца ў Нью-Ёрку з 4 па 7 сакавіка на канферэнцыі па пытаннях барацьбы з гандлем людзьмі. Пра гэта гаворыцца ў пастанове Савета міністраў ад 20 лютага 2007 года «Аб камандзіраванні У.У. Навумава ў Нью-Ёрк (Злучаныя Штаты Амерыкі)». Пастанова падпісаная прэм’ер-міністрам Беларусі Сяргеем Сідорскім. Прэс-цэнтр Хартыі’97 высветліў, што канферэнцыя адбудзецца ў штаб-кватэры ААН у Нью-Ёрку.

У дадзеным выпадку дзейнічаюць правіла Арганізацыі аб’яднаных нацый, і Злучаныя Штаты Амерыкі змушаныя былі падпарадкавацца рэжыму ААН і ўпусціць невыязнога міністра ў краіну.

Нагадаем, што Уладзіміру Навумаву, як і іншым вышэйшым беларускім службоўцам, забаронены ўезд у краіны Еўропы і ЗША — яго падазраюць у дачыненні да выкраданняў і забойстваў лідэраў беларускай апазіцыі і журналіста.