Дэманстрацыя салідарнасьці з Беларусьсю у Ню-Ёрку

19/03/2007

У нядзелю, 18 сакавіка, Беларуска-Амэраканскае Задзіночаньне і Згуртаваньне Беларускай Моладзі ў Амэрыцы правялі мітынг і дэманстрацыю салідарнасьці са змагарамі супраць дыктатуры, прысьвечаную гадавіне падзеяў на Плошчы Каліноўскага ў Менску. Дэманстрацыя адбылася перад будынкам штаб-кватэры ААН.

Напачатку мітынгу выступіў старшыня Галоўнай управы БАЗА сп. Антон Шукелойць, які нагадаў пра традыцыю пратэстаў беларускай грамады ў Амэрыцы і заклікаў моладзь да актыўнага адстойваньня нацыянальных каштоўнасьцяў і дапамогі для дэмакратыі ў Беларусі.

Быў зачытаны зварот Спадарыні Рады БНР Івонка Сурвілы да БАЗА і мітынгоўцаў. Дэманстранты сьпявалі беларускія гімны «Магутны Божа» і «Мы выйдзем шчыльнымі радамі» , а таксама песьні беларускіх ваяроў. Паветра ўздрыгвала ад магутнага «Жыве Беларусь!».

Былі высунутыя патрабаваньні аб спыненьні перасьледу моладзі, вяртаньні беларускай мовы, як адзінай дзяржаўнай мовы ў Беларусі.

Ад Эўрапэйскага Зьвязу (прадстаўніцтва краіны старшыні – Германіі месьціцца ў ААН) было запатрабавана улічваць беларускія нацыянальныя правы і правы асобы, а ня толькі расейска-нямецкія эканамічныя выгоды, пры выпрацоўцы пазыцыі адносна дачыненьняў ЭЗ і Беларусі.

У дэманстрацыі прымалі ўдзел слынныя дзеячы беларускай грамады ў Амэрыцы Антон Шукелойць, Вітаўт Кіпель, Юрка Кіпель. Ад імя моладзі выступалі з прамовамі Андрусь Чыж і Гражына Залеўская.

 

www.baza-belarus.org