Эўразьвяз яшчэ на год працягнуў санкцыі супраць Беларусі

20/03/2007

Рада Эўрапейскага зьвязу ў часе сустрэчы ў Брусэлі ўхваліла падрыхтаванае раней амбасадарамі краінаў Эўразьвязу рашэньне аб тым, каб працягнуць яшчэ на год санкцыі супраць прадстаўнікоў беларускіх уладаў, тэрмін якіх меўся скончыцца 10 красавіка сёлета.

Санкцыі прадугледжваюць забарону для чатырох дзясяткаў беларускіх урадоўцаў, прадстаўнікоў судовай сыстэмы і праваахоўных ворганаў, іншых чыноўнікаў на ўезд на тэрыторыю Эўразьвязу, а таксама замарожваньне іхных рахункаў у эўрапейскіх банках.

Гэтыя захады былі зробленыя Брусэлем пасьля леташніх прэзыдэнцкіх выбараў, якія, паводле Эўразьвязу, не адпавядалі дэмакратычным стандартам, а таксама пасьля хвалі рэпрэсіяў супраць апазыцыйных палітыкаў.

«Сьпіс асобаў, супраць якіх уведзеныя санкцыі, застаецца нязьменным, але можа быць перагледжаны ў любы момант у адпаведнасьці з крытэрыямі, ад якіх гэты перагляд залежыць», — гаворыцца ва ўхвале Рады Эўразьвязу.

 

Аляксей Дзікавіцкі
Радыё Свабода