У Варшаве завершыўся Тыдзень беларускай культуры Minsk Mixt. Ідэя падобнай імпрэзы мае даўнюю гісторыю.
Галоўны арганізатар Тыдня, кіраўнік польскай фундацыі «Беларуская ініцыятыва» Ўладзімер Міхневіч.
Міхневіч: «Беларуская ініцыятыва», пачынаючы сваю дзейнасьць у якасьці грамадзкай арганізацыі ў 2004 годзе, старалася вызначыць, што беларусы, якія жывуць у Варшаве, могуць паказаць варшавякам. То бок тым асобам, зь якімі мы штодня сутыкаемся на працы, зь якімі маем прыяцельскія стасункі. Ідэя прэзэнтаваць беларускую культуру нарадзілася даўно. Не хаваю, што арганізаваць нешта падобнае каштуе вялікага высілку. Разумовага, канцэптуальнага й нават звычайнага фізычнага. Патрэбна шмат дапамогі. Таму мы, ужо як Фонд «Беларуская ініцыятыва» (калісьці мы былі нефармальным аб’яднаньнем), зразумелі, што трэба знайсьці партнэраў. Якіх не заўсёды ўдаецца пераканаць сваімі ідэямі. Трэба йсьці на кампраміс. Таму наша першапачатковая ідэя зьмянілася фактычна напалову.
Спачатку была ідэя арганізаваць мясцовы варыянт Беларускага дударскага фэстывалю, які адбываецца ў Менску. Але арганізатары адмовіліся ад гэтага, бо хацелі заціквіць імпрэзай ня толькі аматараў дудаў.
Цягам Тыдня беларускай культуры ў Варшаве гучала беларуская музыка. Гралі знакамітыя рок-музыкі — Ігар Варшакеівч, Сяржук Трухановіч, Піт Паўлаў. Выступалі паэты, празаікі ды перакладчыкі. Былі аргнізаваныя кінапаказы. Ва ўсіх мерапрыемствах маглі ўзяць удзел і наведнікі імпрэзаў. Напрыклад, адбыўся кароткі курс старажытнага танца пад музыку гурта «Стары Ольса».
Апроч прэзэнтацыі беларускай культуры на мэце ў арганізатараў Тыдня беларускай культуры ў Варшаве было яшчэ й іншае.
Міхневіч: Аб’яднаць у нейкім сэнсе беларускія асяродкі, якія б нам дапамагалі не як арганізатары, а як звычайныя людзі. Гэта можна назваць спробаю аб’яднаць беларускую дыяспару. Але гэта моцна сказана. Нам удалося падключыць да працы шмат якіх прыватных асобаў. І я лічу гэта посьпехам. Бо мы разварушылі такім чынам беларускае асяродьдзе. Жывучы ў чужой краіне, чалавек дастасоўваецца да мясцовага мэнталітэту. Але яму чагосьці бракуе.
Мы ведаем, што беларскія мастакі, музыкі маюць нейкія абсурдныя праблемы ў аргіназацыі канцэртаў, выставаў. Творчы чалавек ня можа так жыць. Яго гэта душыць. Мы вырашылі прапанаваць выступіць беларускім творцам тут, у Варшаве. Стварыць духоўную адтуліну. Але гэта таксама дазволіла беларусам сабрацца ў гэтых клюбах і аб’яднацца на нейкім агульным культурным кантэксьце.
Адным з партнэраў Тыдня было навуковае кола «Альбарутэніка», якое аб’ядноўвае студэнтаў розных факультэтаў Варшаўскага ўнівэрсытэту, што займаюцца дасьледаваньнем беларускай праблематыкі й проста цікавяцца Беларусьсю. Яшчэ адным арганізатарам Тыдня выступіла галерэя «Зоя», што паўстала зь ініцыятывы беластоцкага беларуса, які жыве ў Варшаве.
Асаблівая падзяка арганізатараў Тыдня беларускай культуры, як ня дзіўна гэта гучыць, галяндцам.
Міхневіч: Мы вельмі ўдзячныя Амбасадзе Каралеўства Нідэрлянды, якая зьяўляецца галоўным спонсарам нашага мерапрыемства. Я шчыра ўдзячны галяндцам ды іхнай палітыцы менавіта за распаўсюджваньне ведаў пра Беларусь у краінах эўрапейскай супольнасьці.
Ганна Гарачка
Польскае радыё для Беларусі