15 тысяч беларусаў узялі ўдзел у акцыі Чарнобыльскі Шлях, якая традыцыйна праходзіць у Менску 26 красавіка. Улады ў гадавіну трагедыі павялі сябе звычайным чынам: увесь цэнтр быў запоўнены сілавікамі, плошча Якуба Коласа, дзе планавалі збірацца ўдзельнікі шэсця, заблакаваная, не працавалі найбліжэйшыя станцыі метро. Падчас акцыі людзей збівалі і запалохвалі. Менскія ўлады нават паставілі пад пагрозу жыццё людзей — дэманстрантаў прымушалі ісці па ходніках у раёне вуліцы Сурганава, дзе праходзілі будаўнічыя працы і дзе не тое, што масавая дэманстрацыя — бяспечны шпацыр аднаго чалавека немагчымы! Тым не менш, нягледзячы на ўсе перашкоды, людзі выйшлі на вуліцы, і іх колькасць была сапраўды вялікай, улічваючы ўсе складанасці, праз якія давялося прайсці.
Гарадскія ўлады забаранілі праводзіць акцыю па заяўленым маршруце, які быў насамрэч бяспечным: плошча Якуба Коласа — праспект Незалежнасці — Нацыянальная бібліятэка. Без узгаднення з заяўнікамі Менгарвыканкам дазволіў іншы сцэнар: збор удзельнікаў ля Акадэміі Навук, потым шэсце па напаўразбуранай вуліцы Сурганава і мітынг у парку Дружбы народаў. Заяўнікі палічылі рашэнне Менгарвыканкама пазапраўным і абскардзілі яго ў судзе. Самі ж абвясцілі, што прыйдуць на плошчу Якуба Коласа, каб правесці людзей да дазволенага месца збору.
З 17.00 плошча Якуба Коласа і ўсе падыходы да яе былі заблакаваныя. Былі зачыненыя ўсе крамы, у тым ліку Цэнтральны ўнівермаг, рэстарацыі, аптэкі, дзяржустановы, якія знаходзяцца на плошчы. Аўтамабілям і грамадскаму транспарту было забароненае спыняцца, метро таксама было зачыненае. Людзям давялося збірацца каля рэстарацыі «Лідо» і «Цэнтра абутку». Але і там хадзілі «памоснікі» ў цывільным і праз мегафон заклікалі людзей расхадзіцца. У 18.00 прыйшлі заяўнікі акцыі, і павялі людзей пад беларускімі, еўрапейскімі сцягамі і сцягамі Менска з выявай Маці Божай, да Акадэміі навук.
Там іх ужо чакалі тысячы беларусаў. Планавалі прыняць рэзалюцыю «Чарнобыльскага Шляху», аднак арганізатары не здолелі пранесці гукаўзмацняльную апаратуру. Калона дэманстрантаў зрушылася па праспекце Незалежнасці на вуліцу Сурганава. Людзі неслі транспаранты «Ладзячы новую АЭС — памятай памылкі мінулага!», «Беларусь без АЭС», «Рукі прэч ад чарнобыльскіх ільгот», «Атам мірным не бывае», «Не другому Чарнобылю», «Толькі мёртвыя не баяцца радыяцыі», «За альтэрнатыўную энергію». «За свабоду!», «Хопіць жыць ілюзіямі», «Свабоду палітвязням», «Свабоду Казуліну!», «Дайце лекі інвалідам Чарнобыля». Лунала вялізная колькасць беларускіх і еўрапейскія сцягоў. Шмат удзельнікаў дэманстрацыі былі апранутыя ў байкі з надпісамі «За свабоду!», хтосьці надзеў самаробныя рэспіратары, хтосьці напісаў чорнай фарбай на вопратцы «Не АЭС!». Калі не вялізны сцяг, то хоць бел-чырвона-белую стужачку, або маленькі нацыянальны сцяжок нёс кожны ўдзельнік дэманстрацыі. Калона сапраўды атрымалася яркай і ўражлівай.
На скрыжаванні з вуліцай Сурганава супрацоўнікі ДАІ перакрылі рух транспарту і тысячы дэманстрантаў здолелі перайсці дарогу. Аднак на параўнальна вузкай вуліцы пачаліся праблемы. Улады і міліцыя свядома падвяргалі небяспецы жыццё ўдзельнікаў «Чарнобыльскага Шляху».
Міліцыя і ДАІ загадвалі людзям ісці па ходніках вуліцы Сурганава, дзе цяпер з абодвух бакоў вядуцца будаўнічыя працы. Ісці па ходніках было немагчыма — ямы, горы друзу, кавалкі асфальту, цэглы, будаўнічыя вагончыкі. Арганізатары і ўдзельнікі акцыі неаднаразова заклікалі кіраўніцтва палка міліцыі спецыяльнага прызначэння і Дзяржаўтаінспекцыі дазволіць людзям прайсці па падарожнай частцы, хоць бы тую частку вуліцы, дзе немагчыма прайсці па ходніку. Аднак тыя з ідыёцкай рашучасцю гучна, праз гукаўзмацняльную апаратуру, патрабавалі ад людзей ісці па разбуранай «пешаходнай» частцы дарогі. Мабыць, трагедыя на Нямізе нічому менскую міліцыю не навучыла. Бо тады за 53 страчаных жыцця ніхто не адказаў.
На думку арганізатараў акцыі, пракуратура павінна ўзбудзіць крымінальную справу супраць кіраўніцтва Менгарвыканкама і міліцыі — за незабеспячэнне парадку і бяспекі пры правядзенні масавай санкцыянаванай акцыі, за тое, што яны свядома падвяргалі жыццё і здароўе людзей сур`ёзнай небяспецы.
На скрыжаванні з вуліцай Якуба Коласа міліцэйскі спецназ перайшоў у наступ. Падарожную частку перагарадзілі міліцэйскія машыны. Супрацоўнікі ПМСП у чорнай форме, узброеныя дубінкамі, накінуліся на дэманстрантаў. Людзей брутальна білі дубінкамі, збівалі нагамі, вырывалі з рук расцяжкі, ламалі тронкі сцягоў… Выштурхаўшы на ходнік — супакоіліся. І…. самі занялі падарожную частку. Супрацоўнікі ПМСП важна ішлі па першай паласе падарожнай часткі, там жа рухаўся грузавік з гукаўзмацняльнай апаратурай, там жа стаялі легкавыя аўтамабілі, пра якія супрацоўнікі ДАІ сказалі, што яны «службовыя». Рух транспарту быў сапраўды ўскладнены, але самімі міліцыянтамі!
Далей акцыя працякала параўнальна мірна. Людзі прайшлі па ходніках да Чарнобыльскай капліцы, запалілі свечкі ў памяць загінуўшых ад страшнай катастрофы. Тут жа праваслаўны святар правёў набажэнства па загінуўшых ад Чарнобыля, за Беларусь.
Здавалася б усё, людзі мірна сталі расхадзіцца… Але ў раёне плошчы Бангалор, ля «Макдоналдса», супрацоўнікі ПМСП нібыта сарваліся з ланцуга — на хлопцаў і дзяўчат з сцягамі накінуліся дзесяткі “амапаўцаў”. Людзей малацілі кулакамі, білі нагамі, а потым кідалі ў аўтобус. Як паведаміў адзін з пацярпелых — яго ўкусіў амапавец! Мабыць, ад службовай стараннасці… У Цэнтральным РУУС былі адвезеныя 15 чалавек. Праз гадзіну іх вызвалілі, без складання пратаколаў. Быў затрыманы адзін з арганізатараў акцыі, сябра Партыі БНФ Юрась Зянковіч, сёньня ён вызвалены.
Хартыя`97